Вонкавапалітычная хвароба Айльцгаймэра Масквы завяла яе ў Менску ў тупік

Аляксандр
Гелагаеў
гісторык, вайсковы аглядальнік

Пасля жніўня 2020 года, калі пад Аляксандрам Лукашэнкам пачаў вельмі небяспечна хістацца трон, у Беларусь касякамі паехалі розныя расейскія чыноўнікі – ад сілавікоў да прэм’ер-міністра. Здаецца, вось шанец нарэшце «нахіліць» аслабелага дыктатара, якому як ніколі патрэбнае падтрыманне звонку.

Аднак пакуль Масква не атрымала ад сітуацыі ў Беларусі ніякіх бонусаў. З аднаго боку, беларусы настолькі масава выступілі супраць Лукашэнкі, што падпісваць з ім дакументы няма сэнсу. Любыя пагадненні Крамля і Драздоў проста не будуць мець ніякай легітымнасці для беларускага грамадства.

З другога боку, Пуцін абяцаў накіраваць па просьбе Лукашэнкі нават расейскія ўнутраныя войскі ў Беларусь для здушэння пратэстаў. І нічога ўзамен не атрымаў. Магчымасць акупацыі толькі нанесла дадатковы ўдар па сімпатыях беларусаў да ўсходняга суседа.

Дыпламатыя Масквы аказалася на раздарожжы. Крах Лукашэнкі яе палохае, гэта ўспрымецца як чарговая вонкавапалітычная параза на постсавецкай тэрыторыі пасля Украіны, Арменіі, Малдовы. Акрамя таго, ліквідацыя суседняй дыктатуры, калі прывядзе да пабудовы паспяховай дэмакратычнай краіны, станецца «дрэнным прыкладам» для расейскага грамадства.

Сустрэча Лукашэнкі і Лаўрова ў Менску 26 лістапада. Фота: president.gov.by

Таксама Масква ўжо не верыць самому Лукашэнку: не па кані корм, занадта ненадзейны, занадта нестабільны. Грошы яму даюць толькі для пакрыцця даўгоў перад самой Расеяй.

Падтрымліваць нейкія прарасейскія сілы ў Беларусі? А дзе яны? Вядома, сімпатыі беларусаў да Расеі хоць і слабнуць, усё ж існуюць. Але дзе ўплывовыя прарасейскія арганізацыі? Каго падтрымліваць? Лукашэнка так доўга рабіў з сябе «адзінага сябра Масквы ў Беларусі», што нават фармальна прарасейскія арганізацыі ў Беларусі пераважна пралукашэнкаўскія, чым прамаскоўскія. А ў сучасных умовах пралукашэнкаўскія азначае маргінальныя, ненавісныя бальшыні беларусаў. Ніякай перспектывы.

Шукаць нейкага АГЛ 2.0, які б і замяніў Лукашэнку, і не зрабіў бы карцінкі ненавіснай Маскве «каляровай рэвалюцыі», і стаў бы падкантрольным? Вельмі складанае заданне, якое, найхутчэй, немагчыма выканаць за такі кароткі – год ці некалькі месяцаў – тэрмін. Калі ўвогуле магчыма.

Рашучым крокам у захаванні расейскага культурніцкага (а значыць і палітычнага) уплыву ў Беларусі была б адкрытая абарона правоў грамадзянаў Беларусі ад відавочна неправавых і масавых рэпрэсіяў. Аднак тут Маскве замінае хвароба Альцгаймэра ў яе замежнай палітыцы: праблемы з памяццю (вагнэраўцаў ужо забылі, так?) і немагчымасць навучыцца новаму, цяжкасці з успрыняццем новай інфармацыі. Як падтрымлівалі старых дыктатараў, нават калі сэнсу ўжо няма, так і падтрымліваюць.

Пакуль жа Дразды хочуць грошай ад Масквы, бо ідзе эканамічны крызіс, але так, каб не пераўтварыцца ў выніку ў расейскае генерал-губернатарства. А ў Крамля абсалютна адваротныя мэты.

У выніку абодва бакі насамрэч проста цягнуць час за размовамі кшталту «вам прывет ад Уладзіміра Уладзіміравіча» – «вялікі дзякуй, не маглі дачакацца», «мы за інтэграцыю» – «а мы таксама за інтэграцыю», «вас Захад крыўдзіць, і нас Захад крыўдзіць».

Аднак, калі шчыра, то гісторыя нашай дыктатуры набліжаецца да канца. Пясок у гадзінніку практычна ўвесь прасыпаўся. Хутка нават прывітанне не будзе сэнсу перадаваць.

 

Меркаванне аўтараў можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.

Больш матэрыялаў