Вольгу Чайчыц і Сяргея Краўчука схапілі на вуліцы і сілком забралі ў міліцыю (СТРЫМ)


Журналістаў адвезлі ў Бараўлянскі РАУС. Прычынаў затрымання міліцыянты не патлумачылі. Журналістка лічыць, што яе пратрымаюць у адзяленні тры гадзіны і выпішуць штраф за працу без акрэдытацыі.

Каб Вользе не выдалілі відэа, як гэта рабілі падчас папярэдніх затрыманняў, яна ладзіць стрым на Facebook.

«Міліцыя з пачатку нас пільнавала ў Курапатах, актывісты нас праводзілі да аўта. Пасля за намі паехала аўта ДАІ, затрымалі, а ў аддзяленне забраў яшчэ трэці нарад. У Курапатах міліцыянты часта затрымліваюць журналістаў. Відавочна, улады хочуць, каб мы не асвятлялі падзеі ва ўрочышчы і каля скандальнага «Поедем поедим»».

Журналісты былі ў Курапатах на прэс-канферэнцыі актывістаў, якія ўсталёўвалі крыж у гонар літоўцаў – ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Працаўнікі Бараўлянскага лясгасу гэты крыж дэмантавалі, а на тых, хто ўсталёўваў, склалі пратаколы.

Летась Вольгу Чайчыц каралі штрафамі 14 разоў. З аператарам Андрусём Козелам іх разам аштрафавалі на суму каля $ 10 000. Ціск на журналістаў «Белсату» ўзмацняецца не толькі ў выглядзе штрафаў. Нашых працаўнікоў запужваюць і чыняць перашкоды ў працы.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў