Вольгу Чайчыц і Андруся Козела зноў аштрафавалі

Wideo

Белсатаўцы: Аляксандр Баразенка, Ганна Аземша, Андрусь Козел, Вольга Чайчыц

Журналістку Вольгу Чайчыц і Андруся Козела пакаралі штрафам у 35 базавых велічыняў кожнага – больш за 1700 рублёў на дваіх паводле артыкула 22.9 КоАП («парушэнне заканадаўства аб СМІ»). Гаворка пра студзеньскі сюжэт пра жыхароў новазбудаванага дому ў Фаніпалі, якія не маглі ў час атрымаць ключы ад кватэраў. Сітуацыя змянілася адразу ж пасля таго, як матэрыял паказаў Белсат.

«Ужо за некалькі дзён пасля выхаду сюжэту, чыноўнікі пачалі бегаць, вырашаць пытанне грамадзянаў і думаю, што вось гэта тое, што дапамагае нам працаваць далей. Нас судзяць за нашыя сюжэты, нас судзяць, калі чыноўнікаў прымушаем штосьці рабіць. Але сітуацыя ў краіне, прынамсі на лакальным узроўні змяняецца», – кажа Вольга Чайчыц.

Жыхары дому нумар два па вуліцы Зялёная ў Фаніпалі амаль паўгода чакалі на ключы да сваіх ужо гатовых кватэраў. Пасля выхаду сюжэту Вольгі Чайчыц і Андруся Козела на нашым тэлеканале, апынулася, што справу можна вырашыць цягам некалькіх дзён.

Але ўжо праз некалькі гадзінаў пасля сённяшняга судовага рашэння пра штраф, журналісты даведаліся, што на іх складзены чарговы пратакол па ўсё таму ж артыкулу 22.9 – незаконным распаўсюд прадукцыі СМІ. Гэтым разам гаворка вядзецца пра сюжэт тыднёвай даўніны аб пратэсце інвалідаў па зроку супраць будаўніцтва шматпавярховіка на вуліцы Якубоўскага ў Менску.

7 сакавіка ў судзе Цэнтральнага раёну Менску разглядаць дапрацаваную справу Андруся Козела наконт збіцця ў час выбараў паводле арт. 23.4 («непадпарадкаванне міліцыі»). Журналіста збілі чацвёра міліцыянтаў падчас стрыму з аднаго з выбарчых участкаў у Менску 18 лютага. Праваахоўнікі разбілі яму галаву аб дзверы выбарчага ўчастку. Наш калега быў на выбарах назіральнікам і вёў відэастрым у сваім прыватным акаўнце на «Фэйсбуку».

Пратакол дапрацавалі, ажно перапрацаваліся: "производил видеосъёмку подсчёта членами комиссии результатов проведённого…

Publié par Andrus Kozel sur lundi 5 mars 2018

За мінулы год працоўны тандэм за супрацу з «Белсатам» атрымаў штрафаў на суму 8556 рублёў. Гэта ўжо трэці штраф у Вольгі і другі ў Андруся ў гэтым годзе. У лютым яны атрымалі па 35 базавых велічынь штрафу ад Лідскага раённага суду.

За першыя два месяцы 2018-га гэта ўжо трэці штраф у Вольгі і другі ў Андруся. Іх ужо пакаралі грашовымі спагнаннямі на 170 базавых велічыняў (4165 рублёў).

Агулам за мінулы год журналістаў нашага тэлеканалу аштрафавалі на больш як 50 тысячаў рублёў. Сёлета, паводле статыстыкі Беларускай асацыяцыі журналістаў, гэтая лічба ўжо набліжаецца да 7 тысячаў.

ІІ/ДР, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары