Вольга Севярынец: «Пакуль Павел у турме, Францішак навучыўся казаць «тата, люблю»

«Вы – частка страшнай сістэмы. І дзякуючы вам у тым ліку, яна спраўна працуе. Улада робіць беззаконні вашымі рукамі: катуе людзей па карцарах, саджае невінаватых на суткі, хапае людзей на вуліцах, ні за што выпісвае штрафы. У вас яшчэ ёсць шанец застацца людзьмі: станьце з намі ў адзін шэраг. І не думайце, што ад вас нічога не залежыць. Зараз час, калі ад кожнага беларуса залежыць усё».

З такой прамовай у адкрытым звароце да супрацоўнікаў сілавых структураў, судоў і міністэрстваў звярнулася Вольга Севярынец – жонка зняволенага палітыка Паўла Севярынца.

Вольга Севярынец. 30 чэрвеня 2020 года. Фота: ТК / Белcат

– Калі Павел у зняволенні, то мне як жонцы самае цяжкае – гэта чакаць у бяздзеянні. І я выкарыстоўваю ўсе даступныя мне сродкі, каб яму дапамагчы. Часамі мне даводзілася бачыць, што сярод міліцыянтаў, суддзяў, пракурораў трапляюцца сумленныя людзі. Да прыкладу, у адным судзе над Паўлам мяне выгналі і не далі з ім паразмаўляць. А ў іншым – міліцыянт апусціў вочы і выйшаў сам, і сакратар суда таксама. Гэтак мяне пакінулі ў зале, хоць па правілах мусілі таксама выдаліць, і мы паразмаўлялі з Пашам хоць праз «Скайп». Калі я падавала розныя заявы ці прыносіла перадачы, то мне не раз ціха выказвалі падтрымку.

Павел Севярынец. Фота: прэс-служба МУС

Павел таксама не аднойчы распавядаў, як да яго падыходзілі ахоўнікі і выказвалі падтрыманне. Адзін нават перадаў у камеру цыбулю ці часнык, хоць гэта забаронена. Ёсць і цяпер добрыя прыклады, але я не хачу пра іх казаць, каб нікому не нашкодзіць.

– Што вядома пра Паўла на сёння, ці маеце з ім якую сувязь?

– Сувязі ніякай. Калі нічога не змянілася ад мінулай серады, то ён застаецца ў карцары. Гэта быў чарговы суд і Паша паспеў сказаць, што прычыны змяшчаць яго ў карцар няма, што ён і іншыя людзі не паводзяцца кепска – гэта такі загад. Ён, Вольга Мікалайчык, хутчэй за ўсё Мікола Статкевіч – таксама ў карцары. Бо пра іх няма ніякіх звестак ад тых, хто выходзіць. Гэта значыць, што ўсе яны не маюць ні з кім ніякіх кантактаў, бо яны ў карцары. Перадачы не прымалі два тыдні. Як Паша, як усе зняволеныя заставаліся без самага неабходнага – невядома. Толькі 29 чэрвеня прынялі першую перадачу.

30 чэрвеня 2020 года. Фота: ТК / Белcат

– Таму Павел і парэзаў руку на знак пратэсту супраць жорсткіх умоваў утрымання?

– Так, я на сто адсоткаў упэўненая, што гэта ніякае не самагубства. Як мне патлумачылі людзі, якія прайшлі турму, паводле «зэкаўскіх» законаў гэта была апошняя спроба прыцягнуць увагу да беззаконняў, якія там адбываюцца, і ягоны пратэст. За некалькі секунд апошні раз Паша паспеў сказаць, што рука зажывае. І нават паказаў – з абодвух бакоў парэзы: там, дзе вены, і звонку – там моцны парэз, вельмі вялікі і непрыгожы шнар.

– Ці паспеў сказаць, як ён пачуваецца фізічна, эмацыйна?

– Гэта быў такі вельмі душэўны момант: я бачыла, што мне не дадуць з ім паразмаўляць ці пабачыцца – Савецкі суд у гэтым сэнсе самы горшы. І калі заставалася некалькі секунд да заканчэння, я падбегла і проста ўціснулася паміж суддзёй і сакратаром, каб зазірнуць у кампутар. І Паша вельмі абрадаваўся – ён аж падскочыў са сваёй гэта лаўкі, на якой сядзеў і выгукнуў – Волечка! Канечне, бачна, што ён без паветра, без сонца – схуднелы, вельмі стомлена выглядаў, але сказаў – усё нармальна. Трымаецца.

30 чэрвеня 2020 года. Фота: ТК / Белcат

– Што застаецца на сённяшні дзень – колькі содняў зняволення?

– Зараз Павел мае 60 содняў, і сёння-заўтра чакаем яшчэ адзін суд паводле пратаколу, які адпраўлялі на дапрацоўку. Верагодна, што будуць чарговыя 15 содняў і агулам – 75. Гэта значыць, што ён выйдзе ўжо пасля выбараў, 21 жніўня. Адзін станоўчы момант, што ў судзе мы пачуем штосьці праз «Скайп», бо ведаючы, што ў зале ёсць родныя, ён штосьці зможа сказаць: дзе ён і што з ім.

– Як жывяце вы самі з сынам, ці пытае Францішак, дзе тата?

– Ён яшчэ маленькі – два гады. Але я яму тлумачу, што тату забралі кепскія людзі, што ён хутка вернецца, што вельмі любіць яго і сумуе. Мы прыдумляем, што ён скажа тату, калі той выйдзе, і Францішак ужо навучыўся казаць «тата, люблю».

Вольга Севярынец з сынам Францішкам. 30 чэрвеня 2020 года. Фота: ТК / Белcат

А жывем мы з даходаў нашай інтэрнэт-крамы kroplia.by і таксама з дапамогаю сваякоў, сяброў. Яшчэ зімой, калі Павел быў на соднях за антыінтэграцыйныя пратэсты, нашыя сябры без нашага ведама арганізавалі збор сродкаў. Гэтыя грошы мы не зрасходавалі тады, і вось зараз выкарыстоўваем, як кажуць, па прызначэнню. Я ніколі нічога не прашу, бо ведаю, што сціпла, але мы справімся. Каб не было такога, што на зняволенні Паўла мы хочам неяк нажыцца. Але сябры і нават незнаёмыя людзі прыносяць грошы ці пералічваюць на картку – дзяку ім вялікі за гэта.

– Хто і як падтрымлівае маральна?

– Сказаць, што маральна вельмі цяжка, – нічога не сказаць. Бо калі ведаеш, што чалавек пакутуе і яму нельга дапамагчы, гэта вельмі цяжка. Толькі за гэты час я пахудзела, напэўна, кілаграмы на два. Мы абхадзілі ўсё што можна, пачынаючы ад пракуратуры да амбасадараў розных краін. Але калі дапамога якая і ёсць, то яна кропкавая. Дапамагаюць сябры і сваякі – з Францішкам, з крамаю, з друкам Паўлавых кніг. Гэтым разам адгукаюцца нават даволі далёкія родзічы, з якімі мала кантактавалі агулам, а на палітычныя тэмы ніколі і гаворкі не было. Зараз гэтыя людзі тэлефануюць мне, абураюцца і запытваюць, чым яны могуць дапамагчы, куды тэлефанаваць ці пісаць заявы. Ад сілавікоў я не пабачыла ніякай рэакцыі на свой зварот, але, як і Паша, у кожным разе спадзяюся на лепшае.

  • Пасля ўдзелу ў пікеце для збору подпісаў за рэгістрацыю кандыдатаў на прэзідэнцтва, які адбыўся 7 чэрвеня каля Камароўскага рынку ў Менску, Паўла Севярынца, аднаго з лідараў партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», затрымалі ды змясцілі ў ізалятар часовага ўтрымання правапарушальнікаў на вуліцы Акрэсціна. Супраць палітыка распачалі некалькі адміністратыўных справаў, адбыліся некалькі судоў, і цяпер тэрмін ягонага арышту дасягнуў 60 дзён. На знак пратэсту супраць жорсткіх умоваў утрымання Павел Севярынец парэзаў руку.
  • На сёння вядома, што Павел Севярынец застаецца ў карцары. Днямі мае адбыцца яшчэ адзін суд. Імаверна, што ў ІЧУ лідар БХД прабудзе 75 содняў – да 21 жніўня.

Размаўляла Галіна Абакунчык, фота Таня Капітонава belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны