Вольга Мікалайчык атрымала ўзнагароду імя Віктара Івашкевіча


Актывісты партыі БНФ уручылі нацыянальную ўзнагароду за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча Вользе Мікалайчык.

Сёлета грамадская актывістка і рэжысёрка Вольга Мікалайчык брала ўдзел у перформансе каля расейскай амбасады ў Менску. Туды яна прынесла жаночую касметычку, якую быццам забылі прапуцінскія байкеры «Начныя ваўкі» падчас свайго мотапрабегу праз Беларусь.

Віктар Івашкевіч памёр 3 кастрычніка 2013 г. на 55-м годзе жыцця. З пачатку 1980-х Віктар Івашкевіч быў актывістам моладзевага нацыянальнага руху і удзельнікам першых напаўпадпольных незалежніцкіх суполак «Майстроўня» ды «Талака». З 1988 – у Беларускім Народным Фронце. 

Шмат разоў яго арыштоўвалі. Быў рэдактарам газеты «Рабочы». У кастрычніку 2002 г. быў асуджаны на два гады абмежавання волі за публікацыю артыкула «Злодзей павінен сядзець у турме», у якім пракуратура ўбачыла паклёп на кіраўніка Беларусі.

Намеснік старшыні Партыі БНФ да 2009 г. Да лютага 2011 г. быў кіраўніком менскай гарадской арганізацыі БНФ.

Таксама БНФ і «Гавары праўду» правялі невялікую акцыю з нагоды 25-й гадавіны прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Беларусі.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў