Вольга Корбут знайшла свой медаль ў музеі спорту ў Маскве


Беларуская гімнастка піша, што Дзяржаўны музей спорту ў Расеі адмовіўся вяртаць ёй медаль, які быў нібыта скрадзены 46 гадоў таму. Пра гэта Корбут напісала ў «Фэйсбуку».

«Вярнулася дадому з Масквы, дзе добра павесяліліся. Я нават знайшла адзін са сваіх медалёў, заваяваных на Гульнях у 1972, у Музеі спорту. Яго скралі ў мяне праз некалькі дзён пасля таго, як я выйграла яго. Я шукала яго 46 гадоў. Музей не дазволіў мне забраць медаль, таму што ён нібыта з’яўляецца ўласнасцю Расейскай Федэрацыі», – напісала Корбут.

Атлетка адзначыла, што музей пацвердзіў, што гэтая ўзнагарода належыць ёй, таму што на адваротным баку было выгравіравана яе імя.

«Аднойчы я вярну яго, мая барацьба ня скончаная», – падкрэсліла гімнастка.

Корбут – чатырохразовая алімпійская чэмпіёнка і двухразовая срэбраная прызёрка Гульняў. На Алімпіядзе 1972 года ў Мюнхене яна выйграла тры залатых і адзін срэбраны медаль, праз чатыры гады праз у Манрэалі – золата і срэбра.

Яна першай выканала ўнікальны гімнастычны элемент, названы пасля «пятлёй Корбут».

Год таму The Telegraph пісаў, што Вольга Корбут выставіла на продаж усе залатыя медалі, якія заваявала ў 1972-м годзе.

ДД

Стужка навінаў