Вольга Чайчыц – тэлевізійная асоба году. Сталі вядомыя лаўрэаты прэміі «Белсату» за 2018 год


Сёння «Белсату» спаўняецца 11 гадоў.Глядзіце лепшае на нашым канале за 2018 год: https://naviny.belsat.eu/news/volga-chajchyts-chalavek-goda-stali-vyadomyya-laureaty-premii-belsatu-za-2018-god/

Opublikowany przez Белсат TV Niedziela, 9 grudnia 2018

Сёння «Белсату» спаўняецца 11 гадоў. На святочнай імпрэзе з гэтай нагоды былі названыя пераможцы нашых традыцыйных штогадовых узнагародаў. Іх у патаемным галасаванні вызначыла журы, у якое ўвайшлі дырэкцыя і кіраўнікі рэдакцыяў каналу.

Тэлевізійная асоба году – Вольга Чайчыц

Спецыялізацыя нашай калегі – вулічныя пратэсты і праблемы грамадства. За рэпартажы з розных куткоў на вострасацыяльныя тэмы Воля Чайчыц стала знаходзіцца пад ціскам міліцыі. Сёлета супраць яе распачалі 11 адміністрацыйных справаў, якія скончыліся буйнымі штрафамі.

Вольга Чайчыц

Аднак Воля з аператарам Андрусём Козелам (прыватна – яе мужам) не збіраюцца здавацца.

«Часцей за ўсё мы працуем у рэгіёнах Беларусі, людзі звяртаюцца да нас, распавядаюць пра свае праблемы. Я еду туды і працую там, куды не даязджаюць іншыя журналісты. А ўладам пасля гэтага нічога не застаецца, як адрэагаваць. Але замест таго, каб змагацца з рэальнымі праблемамі людзей, яны змагаюцца са мной», – кажа Воля.

Сёлета гэта ўжо другая прэмія для журналісткі. У сакавіку Чайчыц стала лаўрэаткай прэміі за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча, якую раздае старонка «Хартыя’97».

«Да складаных умоваў мы прывыкаем, але яны ўвесь час пагаршаюцца. Мы паведамляем у прэсе толькі пра тое, што нас асудзілі. А нам літаральна кожны дзень тэлефануюць міліцыянты. А бывае, што і некалькі разоў на дзень з розных участкаў», – распавядала нашая калега пасля ўручэння ўзнагароды.

Фільм году

«Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы

Гісторыя стрыптызёра Анатоля і ягонага дзядулі, былога савецкага афіцэра, які ўзначальвае адну з ветэранскіх арганізацыяў. Дзядуля не можа пагадзіцца з ладам жыцця ўнука і стараецца вярнуць яго на «добры шлях». У канфлікце пакаленняў увасабляецца вобраз сучаснай Беларусі ды ўсёй постсавецкай прасторы.

Найлепшае выданне публіцыстычнай праграмы

«Улады павесяць у Менску шыльду ў гонар БНР, паказаную “Белсатам”»

У гэтым выданні ток-шоу «Кожны з нас» гісторыкі спрачаліся, ці можна лічыць БНР самастойнаю дзяржаваю і распавядалі цікавінкі пра ўрад БНР.

На здымкі ў студыю даставілі шыльду, якая павінная была з’явіцца на доме па вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе абвесцілі незалежнасць БНР.

Літаральна праз тыдзень пасля выхаду выдання чыноўнікі заявілі аб гатовасці павесіць шыльду.

Варта дадаць, што абяцанне ўладаў застаецца абяцаннем ужо дзесяць месяцаў.

Рэпартаж году

«ТрыЗуб» Антося Цялежнікава

24-хвілінная стужка распавядае жыццесцвярджальную гісторыя з Данбасу пра тых, хто лечыць зубы жаўнерам і добраахвотнікам на лініі фронту.

Інфармацыйны матэрыял году

«Сілавікі хапаюць медыкаў – больш за 50 затрыманых» Алеся Залеўскага

У ліпені КДБ арыштавала Ігара Ласіцкага, намесніка міністра аховы здароўя, а таксама кіраўнікоў даччыных прадпрыемстваў міністэрства. Толькі ў менскім 9-м шпіталі на вачах хворых затрымалі 15 лекараў.

Агулам за краты па справе «распілу» бюджэтных сродкаў патрапіла больш за 30 чалавек.

Інтэрнэт-матэрыял году

Расследаванне шэрага гандалю дзяржаўных беларускіх прадпрыемстваў з ДНР і ЛНР Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша

У кастрычніку «Белсат» распавёў, як Беларусь пастаўляе сепаратыстам аўтамабільную тэхніку. Летась нашая каманда прасачыла, як Беларусь корміць сепаратыстаў і поіць іх півам і гарэлкай.

«Не часта матэрыялы становяцца нагодай для дыпламатычных нотаў і размоваў аб санкцыях», – напісаў Ігар пасля ўзнагароды.

Пасля публікацыі расследавання нашай каманды ўкраінскія дыпламаты перадалі беларускаму МЗС ноту пратэсту і заявілі пра магчымае ўвядзенне санкцыяў супраць беларускіх прадпрыемстваў.

«Выбар інтэрнэту»

Лаўрэатам новай намінацыі стала адмысловае выданне праграмы «Вот Так», прысвечанае трагедыі ў Кемерава (выдаўца – Маша Макарава, вядоўца – Ігар Віняўскі)

У сакавіку ў расейскім Кемерава загарэўся гандлёва-забаўляльны цэнтр «Зімовая вішня». У выніку пажару загінулі 64 асобы. Адной з прычынаў такой колькасці ахвяраў стала тое, што сігналізацыя не спрацавала, а пажарныя выхады былі заблакаваныя. Большая частка ахвяраў знаходзілася ў кінатэатры на чацвёртым паверсе: людзі не маглі адтуль выбрацца, бо дзверы былі зачыненыя.

Выданне праграмы, прысвечанае гэтай трагедыі, ува ўсім свеце паглядзела каля 8 мільёнаў чалавек.

«Той дзень я не забуду, ды і ўся каманда, напэўна. І, вядома, добра б, каб гэтай інфармацыйнай нагоды не было. Але ўдзячная хлопцам, што атрымалася адключыць тады эмоцыі і адпрацаваць», – кажа Маша Макарава, адказная за выпуск.

«Белсатавец году»

Міраслаў Цюновіч і каманда тэхнікаў (Міхал Бэйнэ, Аляксандр Савельеў)

Гэта нашая падзяка тым, хто заўсёды за кадрам, але без каго гэтага кадру не было б.

ДД

Стужка навінаў