Войскі Асада ў Алепа ходзяць па дамох і забіваюць мірных жыхароў


«У нас вельмі кепскія прадчуванні», – кажа прадстаўнік ААН пра магчымы лёс мірных жыхароў Алепа.

Арганізацыя Аб’яднаных Нацыяў падае, што сірыйскія праўрадавыя сілы былі пранікаюць у дамы ўва ўсходняй частцы Алепа і забіваюць тых, хто знаходзіцца ўнутры, у тым ліку жанчын і дзяцей.

BBC падае, што ёсць доказы, што ў чатырох раёнах былі забітыя 82 мірных жыхара.

«У нас вельмі кепскія прадчуванні ў дачыненні да лёсу тых, хто застаўся ў гэтым пякельным месцы», – цытуе BBC Рупэрта Колвіла з прэсавай службы офісу ААН.

Колвіл сказаў, што з 82 грамадзянскіх асобаў, якія былі забітыя праўладнымі сіламі, 11 – жанчыны, 13 – дзеці.

У заяве прадстаўніка вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека гаворыцца, што шматлікія целы ляжаць на вуліцах, а жыхары не могуць забраць іх з-за інтэнсіўных бамбаванняў і страху быць забітым на месцы.

Дзіцячы фонд ААН цытуе аднаго з лекараў, які паведаміў, што пад моцным агнём у Алепа знаходзіцца 100 дзяцей.

Сёння падчас экстраннай нарады па сітуацыі ў Алепа пастаянны прадстаўнік Расеі пры ААН Віталь Чуркін заявіў, што контртэрарыстычная аперацыя ў горадзе будзе завершана цягам некалькіх гадзін.


Алепа – адзін з найбуйнешых сірыйскіх гарадоў – з ліпеня 2012 года часткова кантралюецца ўзброенай апазіцыяй. Па дадзеных на 3 снежня, паўстанцы ўтрымлівалі прыкладна 40 % усходняй частцы гораду, падкантрольная ім тэрыторыя пастаянна змяншаецца. 12 снежня апазіцыя страціла ўжо 90% сваіх тэрыторый.

ААН і Міжнародны Чырвоны Крыж просяць Сірыю і Расею спыніць бамбардаванне і дазволіць мірным жыхарам Алепа пакінуць раёны, якія знаходзяцца пад абстрэлам. У аўторак Алепа ўцяж знаходзілася пад ракетным агнём. Захад заклікае абвясціць перамірʼе ў Алепа, бо гораду пагражае гуманітарная катастрофа.

ДД/ДР belsat.eu

Стужка навінаў