Вогнетушыцель Алексіевіч

Для таго каб у творчым або праваабарончым аб’яднанні запанавалі мір і згода, трэба ўсяго толькі прысутнасць у зале і ў кіраўніцтве нобелеўскага лаўрэата. ПЭН з гэтым можна павіншаваць.

Святлана Алексіевіч. Фота – Quique Garcia/EFE/Forum

Яшчэ некалькі дзён таму арганізацыю раздзіралі супярэчнасці. Усе ваявалі супраць усіх. Выключаны за нявыплату узносаў Павел Севярынец абвінавачваў геяў і феміністак, што заселі ў кіраўніцтве. Выключаны па той жа прычыне Сяргей Шапран заклікаў да ўсведамлення сваіх заслуг перад беларускай літаратурай, працы пра якую ён пісаў цалкам бескарысліва. Алена Казлова вінаваціла Таццяну Нядбай ў аўтарытарызме і спробе узурпаваць уладу і дамагалася, каб Уладзіміру Арлову было адмоўлена ў праве пераабірацца ў склад Рады ПЭН-цэнтра на наступны тэрмін. Андрэй Хадановіч вінаваціў сябе ў недаглядзе, які прывёў да выключэння Сяргея Шапрана. Назіральнікі збоку падкідвалі дровы ў вогнішча, пад’юджваючы то адных, то другіх. Абвінавачванні ў марксізме і фашызме, выпушчаныя з абодвух бакоў, свісцелі, як кулі ля скроні…

Hавiны
Севярынец назваў Раду ПЭН-цэнтру «марксісцкімі камісарамі». Што на гэта кажа Нядбай?
2019.10.23 12:43

Здавалася: на з’ездзе арганізацыя конча разваліцца. Не развалілася.

Заслуга ў неразвале ПЭНа па праву належыыць Уладзіміру Арлову, які, наколькі можна меркаваць, усё-ткі ўгаварыў Святлану Алексіевіч нарэшце ўзначаліць беларускі ПЭН-цэнтр. Гэтая ідэя ўзнікла яшчэ два гады таму, аднак рэалізавана не была: нобелеўская лаўрэатка, памятаецца, адчувала сябе далёка не найлепшым чынам, і да таго ж была кволая надзея на тое, што моладзь неяк разбярэцца сама.

Не разабралася б. Юную каманду раздзіралі супярэчнасці, так што, таго і глядзі, зжэрла б сама сябе. Грэцкая багіня Афіна, згодна Гігіну (не нашаму, а антычным паэту), у такім выпадку прыводзіла Геракла, які магутнай рукой расстаўляў усіх па сваіх месцах. Арлоў, як я ўжо сказаў, прывёў Алексіевіч, у прысутнасці якой займацца самапажыраннем стала сорамна. Ну, калі адысці ад паралеляў з антычнасцю (у рэшце рэшт, не ўсе ж чыталі Гігіна; баюся, нават Гігін Гігіна не чытаў), Святлану Аляксандраўну выкарысталі як вогнетушыцель, каб уся творчая садружнасць не згарэла ў полымі узаемных абвінавачванняў.

Hавiны
Някляеў: Севярынец яшчэ не выйшаў з турмы, а яму прапанавалі выйсці з ПЭНу
2019.10.24 22:05

У выніку ўсё засталося на тых жа месцах. Паўла Севярынца аднавілі ў сяброўстве ў ПЭНе, але пашырыць поле свайго ўплыву за кошт новых сябраў (яны ж – паплечнікі па БХД) «ПЭНнароджаннаму» хрысціянскаму дэмакрату не ўдалося. Спрацаваў інстынкт самазахавання: тая агрэсіўнасць, з якой Павел Канстанцінавіч вёў сваю кампанію па аднаўленні, прымусіла многіх падазраваць, што наступным крокам будзе рэйдарскі захоп ПЭНа групай хрысціянскіх пісьменнікаў.

Hавiны
З’езд ПЭН-цэнтру аднавіў сяброўства Севярынца, Букчына і Шапрана
2019.10.26 15:04

Абураныя аднаўленнем Севярынца прыхільнікі фемінізму і змагары за раўнапраўе меншасцяў пакінулі залу пасяджэння, што дазволіла абысціся без высвятлення іх канфліктаў з экс-лідэрам арганізацыі Таццянай Нядбай, а саму Нядбай спадарыня Алексіевіч прапанавала на ролю свайго першага намесніка. Былы ж першы намеснік спадарыні Нядбай, канфлікт якога са сваёй начальніцай паралізаваў працу Рады, Павел Анціпаў, быў – па прапанове Марыі Мартысевіч – абраны ў склад кантрольна-рэвізійнай камісіі. Такім чынам, баланс сілаў быў датрыманы, паколькі лепшага кантралёра за дзейнасцю Нядбай – па словах той жа Мартысевіч – знайсці цяжка, хоць ты «напыснік» на Анціпава надзявай, каб не перагрызліся. Саму ж Мартысевіч і Андрэя Хадановіча таксама абралі намеснікамі Алексіевіч.

Hавiны
Святлану Алексіевіч абралі кіраўніком ПЭН-цэнтру
2019.10.26 15:46

Вы спытаеце: пры чым тут літаратура? Гэта смешна, але апошнія два гады ўся гэтая самежная кампанія працавала ў поце чала свайго, праводзячы школы, арганізуючы фэсты, зацвярджаючы прэміі і заахвочваючы моладзь вучыцца цяжкай літаратарскай справе. Я б, вядома, успомніў Гегеля з яго законамі дыялектыкі, але баюся, што Павел Севярынец неадкладна бы абвінаваціў мяне ў марксізме і запатрабаваў выдаліць з ПЭНа куды-небудзь. Хоць лепшага пацверджання рацыі старога Георга Фрыдрыха знайсці цяжка: тут вам і закон адмаўлення адмаўлення, і закон адзінства і барацьбы супрацьлегласцяў ў наяўнасці, і ўсё гэта – сапраўды на карысць літаратуры.

Полымя было збіта. Механізм адладжаны. Засталося ўнесці папраўкі ў Статут, каб больш нічога не ўспыхвала. Было прынята адпаведнае рашэнне.

Айчынная культура цяпер у бяспецы. Спаць можна спакойна, дзякуй Нобелеўскаму камітэту.

Але калі наогул… Сябры мае, сербануць столькі бруду з-за таго, што хтосьці вырашыў сэканоміць 38 рублёў 50 капеек у год на членскіх узносах, можа дазволіць сабе толькі вельмі самаўпэўненая і трывалая арганізацыя. Баюся, калі праз два гады ПЭН паўторыць той жа фарс, гэтая пена захлісне нават Алексіевіч. Лепш не варта спрабаваць.

Hавiны
Алексіевіч стала віцэ-прэзідэнткай Міжнароднага ПЭНу
2019.10.01 15:45

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў