У берасцейскага блогера Аляксандра Кабанава правялі агляд


Паводле папярэдняй інфармацыі, агляд адбываецца ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 189 «Абраза».

Аляксандр Кабанаў аб 10:00 быў павінен прыйсці ў Бярозаўскі РАУС. Пасля дванаццатай гадзіны міліцыянты павезлі яго ў вёску Сашыца, дзе знаходзіцца ягоная гаспадарка. У Сашыцы і ў вёсцы Задачы, дзе жывуць бацькі блогера, адбываюцца агляды.

Як паведамляе Тамара Шчапёткіна, агляды праходзяць у межах крымінальнай справы за абразу міліцыянта. Быццам бы Кабанаў назваў участковага «дурнем».

30 ліпеня стала вядома, што крымінальную справу за абразу ўзбудзілі ў дачыненні блогера Сяргея Пятрухіна, які разам з Кабанавым робіць ютуб-канал «Народны рэпартэр». У Пятрухіна таксама прайшлі вобшукі, была канфіскаваная тэхніка.

На абодвух блогераў заяву напісаў участковы Мікалай Рабушка. Прычынай стаўся пост, які напісаў Сяргей Пятрухін. Блогер узгадаў міліцыянта, які здымаў акцыю супраць акумулятарнага заводу. Паводле Пятрухіна, менавіта Мікалай Рабушка 26 лютага 3 гадзіны трымаў блогераў у аўтазаку пры тэмпературы мінус 27 градусаў.

«Не кожны фашыст можа пахваліцца такім подзвігам», – напісаў Пятрухін.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары