ВМС Украіны: Расейскі карабель пратараніў украінскі буксір


Фота - mil.gov.ua

Кіраўніцтва ваенна-марскіх сілаў Украіны абвінаваціла памежныя караблі РФ у «агрэсіўных дзеяннях». У сваю чаргу расейскі бок абвінаваціў украінцаў в парушэнні марской мяжы.

Паводле прэс-цэнтру кіраўніцтва Ваенна-марскіх сілаў Украіны, два браняваных артылерыйскіх катары і рэйдавы буксір ажыццяўлялі планавы пераход з Адэсы ў порт Марыупаль, што ў Азоўскім моры. Украінскі бок падкрэслівае, што расейцаў загадзя папярэдзілі пра гэты пераход у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Аднак, паводле ўкраінскіх вайскоўцаў, расейскія пагранічныя караблі «ажыццявілі адкрыта агрэсіўныя дзеянні супраць караблёў ВМС Украіны». У прыватнасці, расейскі пагранічны карабель «Дон» пратараніў украінскі рэйдавы буксір, у выніку якога буксір атрымаў шэраг пашкоджанняў.

Расейскі бок пра сутыкненне нічога не паведамляе. Аднак у пагранічным упраўленні ФСБ РФ сцвярджаюць: тры караблі Ваенна-марскіх сіл Украіны незаконна перасеклі дзяржмяжу РФ, увайшлі ў тэрытарыяльныя вады і «небяспечна манеўруюць».

«Украінскія ваенныя караблі працягваюць рух да Керчанскага праліву, у якім дзейнічае дазвольны парадак руху і стаянкі судоў, у адпаведнасці з графікам руху і расстаноўкі судоў, зацверджаным капітанам расейскага марскога порта», – гаворыцца ў паведамленні.

Расейскі бок падкрэслівае, што заяўкі ўкраінцы не падавалі і ў графік праходу караблёў не былі ўключаныя, піша ТАСС.

ІІ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары