Віцяблянін: Заводы стаяць, усё стаіць. Практычна, ніхто не працуе


Чэмпіёны СНД паводле росту беспрацоўя. Калі год таму афіцыйная статыстыка налічвала ў нашай краіне менш за 40 тысячаў беспрацоўных, то цяпер іх 53 з паловаю тысячы.

Фота – rbc.ru

Ніжэй за нашую краіну ў гэтым антырэйтынгу размясціліся Казахстан і Малдова, дзе людзей без працы пабольшала на няпоўную чвэрць. Палепшыўся рынак працы ва Украіне, Кыргызстане і Таджыкістане.

«Можна ўпэўнена казаць, што надалей дынаміка росту беспрацоўя будзе захоўвацца. І гэтае скарачэнне зацягнецца не на адзін год», – мяркуе Аляксандр Ярашук, старшыня Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Што праўда, паказнік зарэгістраванага беспрацоўя ў нашай краіне даволі сціплы: 1.2 %. Але гэта толькі тыя людзі, якія сталі на ўлік у цэнтрах занятасці. Між тым, у бальшыні краінаў свету беспрацоўе разлічваецца на падставе апытання грамадзянаў, якое робіць нацыянальны статыстычны камітэт. У Беларусі такое даследаванне праводзіцца таксама. Як нагадвае агенцтва «БелаПАН», у 2012 годзе апытанне паказала, што беспрацоўных у нашай краіне было 5.3 %. То бок у 9 разоў болей за паказнік Белстату на той момант. З тых часоў улады засакрэцілі вынікі апытання аб занятасці насельніцтва.

«Афіцыйная статыстыка сёння не адлюстроўвае сапраўднага становішча спраў з беспрацоўем. Яно значна вышэй, магчыма, разоў у 5, чым тыя лічбы, якія прыведзеныя», – упэўнены Аляксандр Ярашук.

Як вынікае са справаздачы Міністэрства фінансаў аб дзейнасці больш як дзвюх тысячаў акцыянерных таварыстваў, на якіх занятая прыблізна адна пятая беларускіх працоўных, ААТ за мінулы год скарацілі ў сярэднім 5 % сваёй працоўнай сілы. Гэта – плюс да тых пяці, што былі ў 2012 годзе і да скарачэнняў у 2013 ды 2014. Найбольш пацярпела сфера будаўніцтва, асабліва ў рэгіёнах. Ключавыя будаўнічыя кампаніі «Палессебуд» ды «Бярозабуд», у кожнай з якіх працавалі каля 2 тысяч чалавек, былі практычна зліквідаваныя. Больш за тысячу чалавек скараціў і сталічны «Мапід», і берасцейскі Будтрэст № 8. МТЗ пазбавіўся ад амаль дзвюх тысяч работнікаў, МАЗ скараціў амаль паўтары тысячы.

«Зараз змушаюць людзей ісці на нізкааплочвальную працу. Гэта вельмі кепска. Ім прыходзіцца ісці за капейкі, на якія нават немагчыма пражыць. Я думаю, гэта дзяржава вінаватая», – кажа жыхарка Віцебску.

«Ды ўвогуле жах, што ён творыць! Усе людзі скардзяцца і ўсе маўчаць. А чаго маўчаць? Я ня ведаю чаго яны маўчаць, баяцца», – абураецца жанчына.

«Нібыта ўсе кажуць, што ўсе працуюць, але, калі даведаешся, практычна, ніхто не працуе. Заводы стаяць, усё стаіць», – зазначае мінак.

Між тым, паводле статыстычнага камітэту СНД, беларусы маюць найгоршую сацыяльную абарону ў Садружнасці. У Азербайджане дапамога для беспрацоўных складае $ 162 на месяц. Ва Украіне – $ 59, а ў Беларусі – усяго $ 13 у эквіваленце.

Станіслаў Івашкевіч, Белсат

Стужка навінаў