Віцебскія ўлады забаранілі шэсце «Несмяротнага палка»


Віцебскія ўлады забаранілі правядзенне ў горадзе 9 траўня шэсця «Несмяротнага палка». Пра гэта карэспандэнту belsat.eu распавёў адзін з заяўнікаў акцыі, прадстаўнік арганізацыі ліквідатараў аварыі на ЧАЭС Вадзім Кузьмін.

Hавiны
«Гэта гамон!» Віцебскія апазіцыянеры падалі заяўку на «Бессмяротны полк»
2019.04.25 18:48

«Сёлета ў Віцебску правядзенне шэсця незапланаванае. І ўключэння ў план падзеяў святкавання Дня перамогі шэсця жыхароў гораду «Несмяротны полк» не прадбачыцца магчымым», – гаворыцца ў адказе, які падпісаў намеснік старшыні гарвыканкаму Віктар Глушын.

Замест шэсця заяўнікам прапануюць далучыцца да афіцыйнага мітынгу ды запланаванай у межах яго акцыі «Беларусь памятае», якія пачнуцца а 10:00 на Плошчы перамогі.

Адказ арганізатары атрымалі толькі 4 траўня і яшчэ не вырашылі, як будуць дзейнічаць. «Магчыма, самі пойдзем па ходніках. Але гэта яшчэ будзем вырашаць», – распавёў Вадзім Кузьмін.

Ён таксама нагадаў, што ў мінулы раз актывістам забаранілі праносіць шыльду «Бессмяротны полк», але яны здолелі яе пранесці.

Hавiны
У Менску адбудзецца акцыя «Несмяротны полк»
2019.05.03 22:56

«Полк нельга, але калі з намі будзеце ў падтрыманне Лукашэнкі, улады – тады можна. Але менавіта ўліцца ў «Беларусь памятае». А тое, што расейцы ваявалі, чачэнцы, казакі і іншыя… Галоўнае, каб Беларусь памятала», – адзначыў суразмоўца.

На яго думку, існуе негалосны загад пад любымі нагодамі адмаўляць у правядзенні «Несмяротнага палку».

«Калі хочаце – прымайце нашы ўмовы, калі не – абскарджвайце. Прыедуць жа расейцы, напэўна, з іншых вобласцяў – яны пойдуць, магчыма, з георгіеўскай стужкай, хто проста, а тут яны не ўпісваюцца», – падкрэсліў заяўнік.

Нагадаем, што заяўку на правядзенне ў Віцебску акцыі «Несмяротны полк» падалі 19 красавіка прадстаўнікі Беларускай партыі аб’яднаных левых «Справядлівы свет» Галіна Барэйка, Свабоднага прафсаюзу металістаў Яўген Інц, арганізацыі ліквідатараў аварыі на ЧАЭС Вадзім Кузьмін ды прафсаюзу РЭП Георгій Разумаў. Пры гэтым у 2016 годзе Інц ды Кузьмін балатаваліся ў Палату прадстаўнікоў ад «Справядлівага свету».

Аб’ектыў
Крамлёўскі «Бессмяротны полк» прайграў у беларускім судзе
2019.03.27 21:43

Правядзенне акцыі асудзілі як віцебская каардынатарка аргкамітэту партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Таццяна Севярынец, гэтак і лідар незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч, да арганізацыі якога належаў адзін з заяўнікаў.

«Несмяротны полк» – ініцыяваная ў Расеі акцыі, удзельнікі якой 9 траўня праходзяць па вуліцах з партрэтамі сваіх сваякоў, якія ўдзельнічалі ў Другой сусветнай вайне. Частымі ўдзельнікамі акцый ёсць людзі з выявамі Іосіфа Сталіна, камуністычнай, расейскай ды георгіеўскай сімволікай. У 2018 годзе арганізатарамі падобнай акцыі ў Менску выступілі прадстаўнікі шэрагу прарасейскіх арганізацый.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў