Віцебскія камунальнікі навучыліся рабіць рамонты-невідзімкі

Фота

Мясцовы актывіст Алег Квяцінскі вырашыў высветліць, калі ж у ягоным пад’ездзе будзе рамонт. Але да мясцовага ЖРЭТу (Жыллёва-рамонтна-эксплуатацыйны трэст) дайсці не паспеў: у паштовай скрыні яго чакаў ліст са справаздачай, што ўсё даўно адрамантавана.

Яшчэ зімой Алег звярнуўся да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяны Старынскай з просьбай правесці рамонт вокнаў у пад’ездзе № 2 у доме № 119 па вуліцы М. Горкага ў Віцебску. Дэпутатка перадала зварот Дзяржаўнаму прадпрыемству «ЖРЭТ г. Віцебска» і даручыла аднавіць адсутнае шкленне ў аконных рамах у лютым таго ж года.

Зіма даўно скончылася, але за працу так ніхто і не ўзяўся, кажа Алег Квяцінскі: «Хацеў быў ужо зайсці ў ЖРЭТ і спытаць, калі ж яны зробяць абяцаны яшчэ ў лютым рамонт вокнаў у пад’ездзе, аднак тут прыходзіць ліст – працы па аднаўленні адсутнага шклення праведзеныя. А жыльцы дома нават і не заўважылі перамен».

Алег Квяцінскі ў сваім пад’ездзе. Згодна з дакументамі шкло ў вокны нібыта ўставілі, праўда праз такое нябачнае шкло праходзіць чалавечая рука

Варта ўзгадаць, што ЖРЭТ г. Віцебску – праблемнае прадпрыемства. Работнікам другі год скарачаюць зарплаты ды мяняюць умовы працы. Людзям даводзіцца працаваць уласным інструментам, а матэрыялы – купляць самім ці шукаць па сметніках. Не дзіўна, што ў такіх умовах рамонт адбываецца выключна на паперы.

Жыльцоў дома такі рамонт на паперы не задаволіў, таму яны і далей будуць патрабаваць ад дэпутаткі выканання наабяцанага.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары