Віцебскія бацькі скардзяцца, што пасля трагедыі ў Стоўбцах іх не пускаюць у школу


У навучальных установах не бачаць праблемы.

Бацькам нельга ўвайсці ў будынак, каб правесці або сустрэць дзіця, піша паблік «Баста!» у «Тэлеграме».

«Сказалі даводзіць да ганку і сустракаць на ганку. Раней можна было зайсці ў школу, пагутарыць з настаўнікам або класным кіраўніком. А што цяпер рабіць? Завуч патлумачыла, што гэта для павышэння бяспекі. Але ўсялякіх рэкламнікаў ды іншых старонніх пускаюць», – паскардзілася жыхарка Віцебску.

У сярэдняй школе № 8 belsat.eu распавялі, што захады бяспекі сапраўды павысілі пасля інцыдэнту ў Стоўбцах.

«Грошай на ахову няма, але ў нас заўсёды быў прапускны рэжым. Сядзіць вахцёр. Раней можна было па запісе і з дакументамі, а цяпер далей, чымся хол, не пускаем».

З пашпартам або па запісе пускаюць у гімназію № 2.

«У нас нічога не змянілася маштабна. Заўсёды быў прапускны рэжым. Дзяцей прывучаюць да элементарнай самастойнасці. Калі нейкія праблемы або пытанні ў бацькоў, іх пасля заняткаў або на перапынку правядуць да дырэктара ці завуча, ці настаўніка. Пытанні таксама можна развязваць праз тэлефон».

У гімназіі № 3 дзяцей і настаўнікаў прапускаюць у школу паводле адмысловых электронных пропускаў.

«Бацькі дамаўляюцца пра сустрэчу з настаўнікам або дырэктарам загадзя. Іх запісваюць на канкрэтны дзень і гадзіну. Увесь час у нас такое было».

У стаўбцоўскай школе № 2, дзе адбылася трагедыя, нам адказалі: «усё, што трэба, выконваецца».


11 лютага 15-гадовы вучань 10-га класу прыйшоў у стаўбцоўскую школу № 2 і парэзаў нажом настаўніцу і некалькіх вучняў. Ад атрыманых раненняў педагог і адзін вучань памерлі. Падазраваны ўцёк з месца злачынства, аднак неўзабаве яго затрымаў АМАП.

ДР belsat.eu

 

Стужка навінаў