Віцебск у чаканні транспартавага калапсу: Полацкі шляхаправод закрыюць на рэканструкцыю


Цягам апошняга тыдню жыхары Віцебску актыўна абмяркоўваюць закрыццё Полацкага шляхаправода на рэканструкцыю. Папярэдне ўзгадваюцца дзве магчымыя даты пачатку будаўнічых працаў – 13 і 15 лістапада.

У панядзелак, 5 лістапада, у Віцебскім гарвыканкаме адбудзецца адмысловая прэс-канферэнцыя на тэму «Рэканструкцыя Полацкага шляхаправода», у якой прымуць удзел намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Сяргей Саглаеў, прадстаўнікі праектных, будаўнічых і транспартных арганізацый, супрацоўнікі дзяржаўтаінспекцыі.

Мост Металістаў шырынёй усяго 14 метраў, і мае толькі дзве паласы ў абодва бакі.

Паралельна з’явілася афіцыйная інфармацыя, што з 5 па 9 лістапада закрыюць на рамонт суседні шляхаправод Металістаў. Пра гэта парталу TUT.BY распавялі ў Віцебскім гарвыканкаме. На гэтыя дні рух па ім спыніцца як для транспарту, так і для пешаходаў. Чакаецца, што на перыяд рэканструкцыі Полацкага шляхаправоду менавіта гэтая развязка возьме на сябе асноўны транспартны паток заходняй часткі гораду.

 

Трамвай на вуліцы Цітова.

Як гэта будзе выглядаць на справе, пакуль невядома, бо ўжо цяпер на гэтым мосце часам утвараюцца заторы. А неўзабаве па ім пойдзе транспарт і з двух іншых напрамкаў: вуліцы Цітова і Ленінградскага праспекта.

«Цяпер распрацоўваецца схема, як гэта ўсё будзе. Давайце мы дамовімся, калі распрацуем схему – усё паведамім праз сродкі масавай інфармацыі, – распавёў Belsat.eu Валянцін Цвяткоў, першы намеснік старшыні Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэту.

Цяпер Полацкі шляхаправод знаходзіцца ў аварыйным стане і даўно патрабуе працягу рэканструкцыі, якая распачалася яшчэ ў 2012 годзе.

Сляды першай спробы рэканструкцыі моста ў 2012 годзе.

Аднак Віцябляне заклапочаныя тым, што аднаўленне працаў на мосце можа прывесці да спынення трамвайнага руху ў бок абодвух гарадскіх вакзалаў і вуліцы Цітова. А гэта чатыры трамвайныя маршруты: №4, №6, №8 і №9.

Яшчэ ў жніўні гэтага года зʼявіліся чуткі, што ў хуткім часе трамвай як від транспарту цалкам знікне з вуліц гораду. Аднак тады кіраўніцтва філіялу «Гарадскі электрычны транспарт г. Віцебску» зняпраўдзіла гэтую інфармацыю.

Цяпер жа ў ананімных размовах супрацоўнікі трамвайнага ўпраўлення сцвярджаюць, што ўжо 13 лістапада пачнецца дэмантаж трамвайнага палатна па вуліцы Цітова, які мае завяршыцца да пачатку вясны.

«Пару дзён таму да нас прыехала кіраўніцтва аблаўтатранса разам з Мікалаем Шарснёвым (старшыня Віцебскага аблвыканкаму). На нарадзе нам давялі, што трамвай для гораду нерэнтабельны і што ад яго могуць адмовіцца цалкам», – распавёў «Белсат» адзін з супрацоўнікаў трамвайнага ўпраўлення.

Ці спраўдзіцца гэтая інфармацыя, пакуль невядома. Аднак паказальным зʼяўляецца той факт, што літаральна на днях змянілася кіраўніцтва філіялу «Гарадскі электрычны транспарт г. Віцебску». Прадпрыемства ўзначаліў дырэктар віцебскага аўтавакзала Сяргей Мядзведзеў. Пра гэта напісана на сайце арганізацыі.

Пакуль відавочна адно: з пачаткам будаўнічых працаў на Полацкім шляхаправодзе жыхарам захаду Віцебску стане цяжэй дабірацца да іншых раёнаў гораду.

Рэканструкцыя шляхаправоду распачалася ў 2012 годзе, а неўзабаве прыпыніліся па прычыне адсутнасці сродкаў у гарадскім бюджэце.

Нагадаем, яшчэ ў 2010 годзе Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў архітэктурны праект «Рэканструкцыя шляхаправоду «Полацкі» у г. Віцебску». Планавалася, што новая магістраль звяжа наўпрост паміж сабой заходнюю ды ўсходнюю часткі гораду. Праект прадугледжваў будаўніцтва «Паўночнага» моста праз Заходнюю Дзвіну з арганізацыяй па ім трамвайнага руху. Завершыць працы планавалі ў 2015 годзе. Але рэканструкцыя шляхаправода распачалася ў 2012 годзе, а неўзабаве прыпыніліся па прычыне адсутнасці сродкаў у гарадскім бюджэце. Цяпер невядома, ці ўнясуць змены ў ранейшы праект, і ці будзе прадугледжаны па ім трамвайны рух.

Віктар Старавойтаў. Фота Belsat.eu

Стужка навінаў