Віцэ-прэм'ер Украіны: На міжнародных пляцоўках Беларусь галасуе ў фарватары расейскай палітыкі


Намеснік прэм’ер-міністра Украіны па пытаннях еўрапейскай ды еўраатлантычнай інтэграцыі Іванна Клімпуш-Цынцадзэ распавяла карэспандэнтцы Belsat.eu, якія паводзіны Беларусі на міжнароднай арэне афіцыйны Кіеў лічыць несяброўскімі.

«Калі казаць пра турбуючыя моманты, якія з’яўляюцца балючымі для Украіны, то гэта, напрыклад, галасаванне Беларусі на міжнародных пляцоўках абсалютна ў фарватары расейскай палітыкі. Гэта датычацца ўсіх рэзалюцыяў, якія прымаліся Генеральнай асамблеяй ААН адносна парушэння правоў чалавека ў анексаваным Крыму. На жаль, на міжнародных пляцоўках мы не можам разлічваць на Беларусь, як на краіну, якая б аддавала свой голас у абарону праўды і міжнароднага права», – заявіла ўкраінскі віцэ-прэмʼер на сустрэчы з беларускімі журналістамі ў Кіеве.

Адначасова з гэтым, Іванна Клімпуш-Цынцадзэ заявіла, што Украіна вельмі цэніць менскую пляцоўку перамоваў і ўдзячная за гэта Беларусі.

«Гэта ўжо не пытанне Менску, што перамовы не даюць рэальных прарываў, каб мы маглі наблізіцца да аднаўлення тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны», – дадала яна.

КА

Стужка навінаў