Віцэ-канцлер ураду Літвы Матулёніс: Пытанне перадачы парэшткаў Каліноўскага пакуль не стаіць на парадку дня


Цырымонію пахавання парэшткаў Кастуся Каліноўскага прызначылі на 22 лістапада. Пакуль мяркуюць, што ўсе ўрачыстасці адбудуцца ў Літве. Аднак, паколькі з’явілася нагода весці размову пра перазахаванне героя паўстання ў Беларусі, гэтае пытанне можа ўзнікнуць на парадку дня і ў самой Літве на афіцыйным узроўні, паведаміў «Белсату» віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс.

«Калі гэта будзе на афіцыйным узроўні, то неабходная дыскусія ў Літве вакол гэтай справы, а таксама і дыскусія ў Беларусі. Мы не гаворым катэгарычна не, але гэтае пытанне пакуль не ўздымаецца на павестцы дня. Трэба паглядзець на грамадскае меркаванне ў Літве і ў Беларусі. А меркаванні неадназначныя. А часу вельмі мала», – распавёў «Белсату» віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс.

Hавiны
«Ён мае справу з прыдуманай Беларуссю»: Алексіевіч раскрытыкавала Пазняка праз Каліноўскага
2019.09.25 17:11

Віцэ-канцлер адзначае, што справа даволі далікатная, нават з пункту гледжання царквы, таму рашэнне будзе прынятае пазней.

«Каліноўскі – важная асоба, якая ўвасабляе ідэю незалежнасці Беларусі. Гэта першая асоба, якая сказала, што Беларусь павінна быць незалежнай краінай, гэта асоба, якая вельмі важная для Беларусі», – дадаў віцэ-канцлер ураду Літвы Дэйвідас Матулёніс.

На бягучым тыдні група беларускіх інтэлігентаў звярнулася з адкрытым лістом да літоўскіх уладаў з прапановай не хаваць ідэнтыфікаваных парэштак Канстанціна Каліноўскага ў Літве, а перадаць іх у Беларусь.

  • Кастусь Каліноўскі быў адным з кіраўнікоў паўстання 1863 – 1864 гадоў. Выдаваў з паплечнікамі першую беларускамоўную газету – «Мужыцкая праўда». Быў схоплены царскімі жандарамі ды пакараны смерцю праз павешанне за арганізацыю паўстання супраць царскага рэжыму. Расправа адбылася 22 сакавіка 1864 года на Лукішскім пляцы ў Вільні. Імаверна, што Каліноўскага пахавалі на Гары Гедыміна, дзе ў тыя часы месціўся расейскі вайсковы гарнізон.
  • У ліпені 2017 году падчас раскопак на гары Гедыміна ў Вільні былі знойдзеныя парэшткі 20 асобаў. Даследчыкі Віленскага ўніверсітэту прыйшлі да высновы, што з верагоднасцю ў 95 % сярод іх ёсць і парэшткі Кастуся Каліноўскага, кіраўніка паўстання 1863-1864 гадоў.

СК belsat.eu

Стужка навінаў