Вітольд Вашчыкоўскі: Мы супраць АЭС у Астраўцы і набываць яе энергію не будзем


Кіраўнік МЗС Польшчы заявіў, што Варшава не мае намеру закупляць энергію з Астравецкай АЭС, якую «Росатом» плануе запусціць улетку 2020 года.

Паводле польскага палітыка, польскія ўлады не памяняюць свой пункт гледжання аб небяспечнасці праекту, нават нягледзячы на ацэнкі МАГАТЭ.

«Мы не зменім нашае меркаванне аб куплі энергіі з гэтай атамнай станцыі. Я думаю, што ў аснове яе ляжаць небяспечныя тэхналогіі, а адсутнасць бяспекі прывяла да Чарнобыля. Таму мы супраць гэтай АЭС, мы не збіраемся супрацоўнічаць і купляць яе энергію», – сказаў міністр замежных справаў Польшчы.

«У нас іншы пункт гледжання», – дадаў ён у адказ на каментар пра тое, што МАГАТЭ лічыць праект бяспечным.

Беларуская АЭС будуецца на Астравеччыне, у 50 кіламетрах ад Вільні. Плануецца, што першы энергаблок запусцяць у 2019 годзе, другі – у 2020-ым. Магутнасць кожнага энергаблоку – 1200 МВт.

Нягледзячы на пратэсты і дыпламатычныя ноты ад Літвы будаўніцтва спрэчнага абʼекту працягваецца. Афіцыйныя Вільня ўжо адмовілася купляць электраэнергію з Беларускай АЭС. Улады суседняй краіны сумняюцца ў бяспечнасці абʼекту. Вядома, што пры будаўніцтве атамнай электрастанцыі ўвесь час даходзіць да інцыдэнтаў, а інфармацыя пра гэта заўсёды дасягае да грамадскасці са скандальным спазненнем.

Гэтак улетку 2016 года будаўнікі пашкодзілі корпус рэактара, а ў снежні ўжо новы корпус зачапіў пры транспартаванні чыгуначны слуп. Таксама на мінулым тыдні зʼявілася неафіцыйная інфармацыя пра тое, што на абʼекце загінулі два зваршчыкі.

Пытаннем № 1 таксама застаецца экалагічная бяспека праекту: у прыватнасці, якія планы ўлады і ядравікі маюць адносна радыеактыўных адкідаў станцыі. Нядаўна стала вядома, што на тэрыторыі нашай краіны створаць палігон магільнікаў і там закапаюць радыеактыўныя адкіды.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў