Віталь Цыганкоў: «Расейская мова – не свядомы выбар, а прадукт сістэмы»


Журналіст, аналітык, вядоўца праграмы «Размова» на «Белсаце» Віталь Цыганкоў разважае пра тое, чаму нельга называць расейскую мову свядомым выбарам для беларусаў.

У сувязі з перапісам забаўна назіраць, як некаторыя беларусы, носьбіты і прыхільнікі расейскай мовы, часам могуць заявіць – «гэта наш выбар». Хм, вы сур’ёзна?

У тым і рэч, што не было ніякага выбару, вы нічога самі не выбіралі. Вы проста нарадзіліся ў расейскамоўнай сям’і, у расейскамоўным асяроддзі, хадзілі ў расейскамоўную школу, потым – у інстытут у расейскамоўным (пераважна) горадзе. Дзе тут свядомы выбар? Усе вакол гаварылі па-расейску, так было прынята, так было патрэбна, так было бяспечна.

У перапісе насельніцтва прыняў удзел кожны чацвёрты

Беларус, гадуючыся ў сённяшняй Беларусі, «аўтаматычна», ад дзяржавы і грамадства, атрымлівае ня толькі расейскую мову, але і базавую расейска-савецкую культурную ідэнтычнасць, трошкі разбаўленую пэўнымі беларускімі элементамі, беларускім арнаментам, я б сказаў. «Мой дядя самых честных правил», «Ну и гадость эта ваша заливная рыба», «Если б знали вы, как мне дороги подмосковные вечера» – знакі і сімвалы, якія пазнае кожны «звычайны» беларус.

Вось калі вы пятае пакаленне расейскіх мігрантаў у Парыжы, і ў сям’і захавалі сваю расейскую мову праз 100 гадоў іміграцыі – тады гэта рэальна «ваш выбар».

Спявачка Руся: мая мама – з Азербайджану, але беларуская мова – мая родная

А расейскамоўнасць, расейскакультурнасць у Беларусі – гэта проста прадукт развіцця сённяшняй беларускай дзяржавы, вы проста з гэтым нарадзіліся і нічога не зрабілі, каб гэта змяніць.

Казаць «расейская мова – гэта мой свядомы выбар» – гэта ўсё роўна, што сказаць «Я нарадзіўся мужчынам, і гэта быў мой свядомы выбар».

У выніку кожны чалавек, хто зараз на перапісу выбірае беларускую мову – ён робіць сапраўды ўласны выбар. А той, хто ў нашай канкрэтнай сітуацыі пазначае расейскую – ён ня робіць ніякага ўласнага выбару, ён проста прадукт сістэмы і «ахвяра абставінаў».

Віталь Цыганкоў, спецыяльна дла Belsat.eu

Навошта ў перапісе пазначаць роднай мовай беларускую?

Глядзі таксама
Каментары