Віталь Цыганкоў i Адам Глобус падтрымалi «Белсат»


Свядомая беларуская грамадскасць працягвае выказвацца наконт закрыцця першага незалежнага тэлеканалу для Беларусi

У падтрымку «Белсату» выступiлi таксама беларускі пісьменнік-празаiк, паэт, выдаўца i мастак Адам Глобус, а таксама аглядальнік, вядоўца аналітычных праграмаў на Радыё «Свабода» Віталь Цыганкоў.

Адам Глобус напiсаў эссе, якое назваў «Белсат» і фінансаванне.

Адам Глобус, фота з персанальнай старонкi ў Facebook

«У Польшчы плануецца скарачэнне фінансавання тэлекампаніі «Белсат». Шкада. Хай бы сабе было і працавала такое беларускамоўнае тэлебачанне.

Што да фінансаў, дык усё, зробленае мною на «Белсаце» – каментары, выступы, размовы, рабілася за проста так, рабілася дзеля беларушчыны, дзеля бацькаўшчыны.

Як мог, так я і падтрымліваў людзей, якіх жартам называю «белсатаністамі». Спадзяюся, што Сяргей Філімонаў і Волечка Гардзейчык, з іх вялікімі здольнасцямі, не застануцца без працы.

P. S. Рускамоўнай версіі «Белсату» дапамагаць не стану, і нават глядзець яе не буду».

Віталь Цыганкоў публiчна адказаў на каментар беларускага журналiста Паўлюка Быкоўскага, якi падкрэслiў , што знiкненне «Белсату» стане малазаўважным крокам для медыяпрасторы

Віталь Цыганкоў, фота з персанальнай старонкi ў Facebook

Меркаванне, што канал мае вельмi сціплы ўплыў на рэчаіснасць, агучыў таксама i міністар замежных спраў Польшчы Вітальд Вашчыкоўскі.

«Калі нейкія людзі здуру (спадзяюся, што «здуру», а не наўмысна, жадаючы шкоды Белсату) кажуць, што Белсат малаэфектыўны – то я хачу прывесці самы відавочны аргумент.

Гэта – стаўленне афіцыйных уладаў.

Нікога так не ганялі на ўсіх узроўнях, як белсатаўцаў. Менавіта карэспандэнтаў «Белсату» выклікалі ў рэгіёнах у пракуратуру за працу без акрэдытацыі.

Менавіта «Белсат» ні ў якай форме (ні як офіс, ні індывідуальна як «карэспандэнтаў замежных СМI») не прызнавалі і не акрэдытоўвалі ў Менску, трымаючы яго фактычна на паўлегальным становішчы.

Менавіта «Белсат» (а не нейкія візавыя ці гандлёвыя паслабленні) стаў галоўнай тэмай тэмай торгу афіцыйнага Менску з афіцыйнай Варшавай. Беларускім уладам прыбраць «Белсат» было важней нават за інвестыцыі і эканоміку.

Бо, магчыма, улады трошкі больш за некаторых крытыкаў ведаюць пра цяперашні ўплыў «Белсату» і – галоўнае – разумеюць ягоны патэнцыял.

Ну, а польскія палітыкі, якія прымаюць гэтае рашэнне – проста вельмі вузка, прымітыўна, недальнабачна, і ў выніку – няправільна ўспрымаюць нацыянальныя інтарэсы сваёй краіны».

Узгадаем, што у інтэрнэце з’явілася петыцыя на падтрыманне «Белсату». Падпісаць яе можна па спасылцы.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў