Віталь Шкляраў пад падпіскай аб нявыездзе. Паліттэхнолаг сустрэўся з маці


Як паведаміў адвакат Віталя Шклярава Антон Гашынскі, паліттэхнолага вызвалілі 19 кастрычніка пад падпіску аб нявыездзе, і ён ужо змог пабачыцца з маці.

«Віталя прывезлі ўчора ўвечары да мамы, яны цяпер у Менску. Сустрэча была вельмі эмацыйная, паўгадзіны плакалі. Са словаў следчага, яму памянялі захаду стрымання на працягу содняў па нашым хадайніцтве. Думаю, адной з прычынаў гэтага рашэння была цяжкая хвароба мамы Віталя», – расказаў Гашынскі радыё «Свабодзе».

Нагадаем, што паліттэхнолага Віталя Шклярава затрымалі ў ліпені ды абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія парушаюць грамадскі парадак. Сам Віталь Шкляраў выказваў думку, што мог быць затрыманы паводле так званай справы Сяргея Ціханоўскага, але паліттэхнолаг адмаўляў любую супрацу з Ціханоўскім.

Віталь Шкляраў. Фота – politring.com

Адвакат Шклярава Антон Гашынскі распавёў «Белсату», што вызваленне Віталя Шклярава звязанае са скандальна вядомай сустрэчай Лукашэнкі з палітвязнямі ў СІЗА, падчас якой Шкляраў у прыватнай гутарцы папрасіў кіраўніка краіны аб сустрэчы з маці, якая моцна хварэе. Таксама Гашынскі паведаміў, што бліжэйшым часам паліттэхнолаг збіраецца займацца здароўем маці і сам праходзіць даследаванні, а таксама ён плануе дамагацца поўнага спынення крымінальнага пераследу.

Віталь Шкляраў мае беларускае і амерыканскае грамадзянства. Нарадзіўся ў Гомлі, але жыве ў ЗША. У Беларусі ў яго засталіся бацькі. Віталь Шкляраў быў дарадцам выбарчых кампаніяў Барака Абамы, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак, Бэрні Сэндэрза.

МД belsat.eu

Стужка навінаў