Віталь Портнікаў будзе весці міжнароднае ток-шоу на «Белсаце»


У Вільні распачаліся здымкі новага цыклу дэбатаў «Тэрыторыя праўды». Ток-шоу з удзелам міжнародных экспертаў гэтым разам засяродзіцца на дзейнасці NATO і супрацьстаянні Альянсу і Расеі. У ролі вядоўцы гледачы «Белсату» зноў пабачаць вядомую беларускую публіцыстку Святлану Калінкіну, да якой далучыцца не менш вядомы ўкраінскі журналіст Віталь Портнікаў.

Цыкл міжнародных дэбатаў на «Белсаце» паўстаў праз неабходнасць абмяркоўваць важныя для нашага рэгіёну тэмы. Першае выданне «Тэрыторыі праўды», якое складалася з чатырох серыяў, выйшла летась напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Расеі. Сёлета нагодай стала 70-я гадавіна паўстання NATO, а таксама 20-я гадавіна далучэння да яго Польшчы, Чэхіі ды Вугоршчыны, якую адзначаць 12 сакавіка.

Святлана Калінкіна

«Самая гарачая тэма сёння ў нашым рэгіёне: NATO – вораг ці сябар? Самая гарачая тэма для Беларусі, для Украіны, для Грузіі: NATO – гэта выратаванне ці патэнцыйная небяспека?» – акрэслівае галоўныя пытанні ток-шоу Святлана Калінкіна.

Разам з беларускай журналісткай вядоўцам гэтым разам выступае ейны ўкраінскі калега Віталь Портнікаў – вядомы публіцыст, пісьменнік, актыўны ўдзельнік Рэвалюцыі годнасці.

Віталь Портнікаў

«Я грамадзянін краіны, большасць насельніцтва якой шмат гадоў выказвалася супраць таго, каб Украіна стала чальцом NATO. Хоць для мяне ніколі не было альтэрнатывы. Я разумеў, што калі мы не далучымся да Паўночнаатлантычнага альянсу, рана ці позна на нашай тэрыторыі будуць войскі Расейскай Федэрацыі. Як толькі мы захочам зрабіцца незалежнаю дзяржавай, Масква адразу пачне анексаваць нашую тэрыторыю, забіваць нашых грамадзянаў, уплываць на наш выбар», – тлумачыць удзел у праграме Портнікаў.

На ягоную думку, менавіта таму цыкл дэбатаў пра NATO і Расею важны для гледачоў нашага рэгіёну.

«Я хачу, каб людзі ведалі, што ў нас у Еўропе няма альтэрнатывы. Мы ці становімся чальцамі NATO, ці губляем незалежнасць, свабоду, каштоўнасці, жыццё», – дадае Віталь Портнікаў.

Цягам цыклу, які складаецца з чатырох серыяў, вядоўцы будуць весці дыскусію пра акалічнасці паўстання Паўночнаатлантычнага альянсу, яго дзейнасць, перспектывы і рэакцыю на палітыку сучаснай Расеі. Удзельнікі дэбатаў – эксперты і палітыкі з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Расеі, Славаччыны і Злучаных Штатаў.

Глядзіце «Тэрыторыю праўды» у сакавіку на «Белсаце»!

Мінулыя выпускі «Тэрыторыі праўды»:

Стужка навінаў