«Віншую, вас адлічылі». У Беларусі масава выганяюць студэнтаў з ВНУ


Беларускія ВНУ пачкамі адлічваюць студэнтаў, якія бяруць удзел у страйках і акцыях. Яшчэ 27 кастрычніка Лукашэнка ледзь не даў універсітэтам наўпроставы загад: навучэнцы, якія выйшлі на вуліцу, аўтаматычна пазбаўляюцца права быць студэнтамі. Адміністрацыі ўстановаў пачулі Лукашэнку. «Белсат» пагаварыў з адлічанымі студэнтамі пра планы на будучыню, рэакцыю сяброў і тое, ці ўдасца іх запалохаць.

Hавiны
Лукашэнка загадаў адлічыць пратэстуючых студэнтаў: «Адпраўце іх, як я і казаў, каго ў войска, а каго на вуліцу»
2020.10.27 15:52

Даніла Ільчук, БДУКМ. «Мая пазіцыя – салідарнасць»

Адлічылі за актыўнасць

Даніла Ільчук вучыўся на трэцім курсе Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў. Спецыяльнасць: міжнародны менеджар культуры. То-бок, чалавек, які гаворыць пра беларускую культуру за мяжою.

Даніла Ільчук. Фота з ўласнага архіву героя

Даніла браў удзел у розных акцыях у сваім універсітэце і ня толькі, уваходзіў у стачкам БДУКМ, быў адным з кіберпартызанаў.

«Я браў удзел у гэтых акцыях, бо мая пазіцыя – гэта салідарнасць з нашым народам, універсітэтам, раёнам», – тлумачыць ён.

Але адлічэнне стала для яго поўнай нечаканасцю. У сераду 28 кастрычніка хлопец пасля сканчэння пар пайшоў разам з сяброўкамі, якія нядаўна выйшлі з содняў, выпіць кавы. Каля 14-ай гадзіны тады яму патэлефанавалі з адміністрацыі вучэльні і паведамілі, што склалі спіс на адлічэнне 18 студэнтаў. Даніла – адзін з іх.

Хлопец паехаў ва ўніверсітэт высветляць акалічнасці. Але не здолеў нават патрапіць у будынак: пропуск ужо не працаваў. А калі ў дэканат усё-ткі ўдалося патрапіць, то там наўпрост сказалі:

«Віншуем, вас адлічылі».

Дзіўная працэдура

Дэкан факультэту адмовілася назваць Даніле поўны спіс адлічаных студэнтаў. Але пакрысе стала зразумела, што з вучэльні выгналі тых, хто днём раней пісаў тлумачальныя цыдулкі за ўдзел у студэнцкай забастоўцы ў панядзелак.

Пакуль што Даніла не атрымаў аніякіх дакументаў, якія б пацвярджалі ягонае адлічэнне. У яго на руках ёсць толькі распараджэнне дэкана аб парушэнні правілаў унутранага распарадку. Афіцыйную паперу абяцаюць даслаць у электронным выглядзе. Даніла гэтым крыху збянтэжаны:

«Як можна адлічыць чалавека без вымовы, без афіцыйнага загаду? У мяне вельмі шмат пытанняў да працэдуры».

Хлопец прыгадвае, што з паспяховасцю і наведвальнасцю ў яго праблемаў не было аніякіх. Да адміністратыўнай адказнасці праз удзел у акцыях ён не прыцягваўся. Таму фармальных падстаў ва ўніверсітэту не было.

Акцыя ў БДУКМ. Фота з архіву героя

Адлічэннем нікога не запалохаеш

Бацькі хлопца яшчэ не ведаюць. Матуля Данілы зараз жыве за мяжой, і яна хутчэй за ўсё падтрымае сына. З бацькам у яго стасункі не вельмі блізкія, таму на вялікае падтрыманне спадзявацца не даводзіцца.

Даніла ставіцца для свайго адлічэння як да ахвяры, але на карысць вялікай мэты. Ён мяркуе, што такое стаўленне выкліча яшчэ больш моцны студэнцкі рух. Бо студэнтаў ужо больш не запалохаеш.

«Калі ціск датычыць не кагосьці абстрактнага, а твайго аднагрупніка або знаёмага, то ты адчуваеш гэтую лавіну, якая прыбліжаецца да цябе. Праз гэта не атрымліваецца маўчаць або проста сядзець без дзеянняў. Пачынаецца хваля салідарнасці студэнтаў самых розных універсітэтаў», — кажа хлопец.

Зараз Данілу больш за ўсё хвалюе пытанне войска. Хоць позву яму яшчэ не далі, ён «годны» для службы ў арміі. Хлопец будзе намагацца пазбегнуць восеньскага прызыву. Не выключае, што скарыстаецца магчымасцю працягнуць адукацыю ў Еўропе.

Аб’ектыў
Ціск на студэнтаў
2020.10.28 23:29

Паліна Каржанеўская, БДМУ. «Мяне аніхто не здолее задушыць!»

Было прадчуванне, што адлічаць

Паліна Каржанеўская да 28 кастрычніка вучылася на трэцім курсе лячэбнага факультэту медычнага ўніверсітэту ў Менску. Прызнаецца, што вучылася яна даволі сярэдне, але была на добрым рахунку ў выкладчыкаў.

Дзяўчына брала актыўны ўдзел у студэнцкіх акцыях і ва ўніверсітэце, і па-за ягонымі межамі. Прызнаецца, што сёлета нібыта абудзілася.

«Я не магу проста маўчаць. І зараз правільней будзе не маўчаць. Я падтрымліваю ўсіх рэпрэсаваных і спрабую зрабіць усё, што ад мяне залежыць», – тлумачыць яна сваю пазіцыю.

Паліна Каржанеўская.
Фота: архіў гераіні

У сераду проста падчас пары ёй патэлефанавалі з дэканату з просьбаю пільна падняцца на другі паверх да дэкана Алега Ішуціна і з ім паразмаўляць.

«Я ішла туды ўжо з прадчуваннем, што мяне адлічаюць. Але не была пэўная, бо ў мяне не было аніякіх вымоваў, толькі адна тлумачальная», – прыгадвае яна.

У кабінеце Алег Ішуцін актыўна параўноўваў універсітэт з войскам. Прыгадваў сваю службу ў арміі, казаў, што салдат мусіць падпарадкоўвацца камандзіру, бо інакш бяда. Але пытанняў да паспяховасці Паліны ў яго не ўзнікла.

Потым ён прапанаваў дзяўчыне падпісаць дакумент, у якім сцвярджалася, што яна ў панядзелак 26 кастрычніка прапусціла па няўважнай прычыне заняткі. Тады яна разам з іншымі студэнтамі хадзіла на мірны пратэст. Пра свой удзел у акцыі яна папярэдзіла дэканат заранёў, і заяву прынялі.

Напрыканцы размовы дэкан сказаў студэнтцы: «У мяне для вас нешта ёсць» і паклаў на стол загад аб ейным адлічэнні. Фармальная прычына – зрыў навучальнага працэсу і грубае парушэнне ўнутранага распарадку ўніверсітэту.

Абноўлена
Студэнты падтрымалі агульнанацыянальны страйк
2020.10.26 10:32

Студэнты – моц і сіла

Пра адлічэнне дзяўчына ўжо паспела сказаць бацькам. Рэакцыя таты была вельмі бурнай. Той раззлаваўся, але хутчэй праз клопат аб дачцэ. А вось матуля наадварот падтрымала і сказала, што ганарыцца Палінаю.

Паліна кажа, што рэпрэсіі ў бок студэнтаў не паўплываюць на іхную актыўнасць.

«Яны пачынаюць адчуваць свой стрыжань, разумеюць, што ад іх залежыць будучыня краіны. Яны раскрываюцца як асобы. Я захапляюся імі! Гэта моц і сіла».

Паліна Каржанеўская.
Фота: архіў гераіні

Чаму адміністрацыя пачкамі адлічвае студэнтаў? Паліна мяркуе, што гэта адбываецца праз страх згубіць свае цёплыя месцы.

«Яны не ведаюць, дзе ім яшчэ працаваць. Яны трусы, яны баяцца нас! Учора проста закрыліся ў рэктараце, выклікалі АМАП і ўцякалі праз чорны ўваход», – кажа студэнтка.

Паліна ўсё яшчэ хоча быць лекарам у Беларусі. Але не выключае магчымасці, што ёй прыйдзецца паехаць у іншую краіну, каб працягнуць вучобу. Але ўсё роўна плануе вярнуцца дадому.

«Я ганаруся беларусамі і я не буду маўчаць. Мяне аніхто не здолее задушыць».

Мікіта Прывальчук, БерДТУ. «Зразумеў, што трэба ўцякаць з краіны»

Пра адлічэнне паведамілі ў Telegram

20-гадовы Мікіта Прывальчук да нядаўняга часу навучаўся на Факультэце электронна-інфармацыйных сістэмаў Берасцейскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэту. Ён быў у ліку тых дзевяці студэнтаў вну, якіх адлічылі за пратэсты 28 кастрычніка.

Мікіта Прывальчук.
Фота: архіў героя

Як кажа Мікіта, афіцыйна іх пазбавілі права навучання за парушэнне правілаў унутранага распарадку.

«Але мы ўсе мелі па адной вымове [за пратэсты. – Рэд. Belsat.eu]», – адзначыў ён.

Пра адлічэнне студэнтам паведамілі ў Telegram, пасля чаго навучэнцы ўжо пераслалі фота дакументы на розныя медыя-платформы.

Некаторых студэнтаў у дэканаце, калі яны ішлі знаёміцца з загадам пра адлічэнне, ужо чакаў чалавек у форме, каб перадаць позвы ў войска. Мікіце ж пазванілі з ваенкамату па тэлефоне.

«Мне патэлефанавалі, але пераблыталі мяне з другім адлічаным. Тады я зразумеў, што трэба ўцякаць з краіны, каб не было праблем», – распавёў Мікіта.

Правёў содні за кратамі

Мікіта ўдзельнічаў у акцыі пратэсту ў Берасці 6 верасня, і нават быў затрыманы.

«Але наш рэктар Аляксандр Драган нам дапамог з вызваленнем і мы прасядзелі толькі содні. Гэта была адна з прычынаў, чаму яго звольнілі, на маю думку», – мяркуе Мікіта. [Аляксандр Драган быў звольнены 20 кастрычніка. Замест яго прызначылі былога прарэктара БНТУ па навучальнай працы Аляксандра Бахановіча. – Рэд. Belsat.eu]

Мікіта адзначае, што раней у студэнтаў быў дыялог з кіраўніцтвам вну, і нават прарэктар Наталля Ялавая ў ім актыўна ўдзельнічала. Цяпер жа яна падпісала дакумент для адлічэння пратэстоўцаў.

Мікіта зараз плануе вучыцца за мяжой, але адзначае, што ва ўніверсітэце пратэст нікуды не знік.

«Шмат хто ва ўніверсітэце за перамены, аднак баяцца выйсці. Але, напрыклад, на акцыю салідарнасці з Драганам выйшлі 150 чалавек. Я думаю, што Лукашэнка доўга не прабудзе прэзідэнтам. Ужо больш трох месяцаў мы пратэстуем і не заціхаем, што вельмі пужае ўладу», – падкрэсліў цяпер ужо былы студэнт Берасцейскага ўніверсітэту.

Даведка

  • Ад 28 кастрычніка ў беларускіх універсітэтах пачалася масавая хваля адлічэнняў. Яны закранулі студэнтаў у самых розных універсітэтах па ўсёй краіне. Вядома пра 18 адлічаных студэнтаў у БДУКМ, 20 адлічаных студэнтаў з БДМУ і 9 навучэнцаў БрДТУ. Таксама адлічэнні працягваюцца ў БНТУ, ГрДУ, БДУІРы і іншых універсітэтах.
  • Але некаторыя выкладчыкі адмовіліся адлічваць студэнтаў на загад Лукашэнкі. Сярод іх – дэкан факультэту камп’ютарных сістэмаў і сетак Марына Лукашэвіч. Яна напісала заяву на звальненне па ўласным жаданні.
  • Таксама адмовіліся падпісваць загад аб адлічэнні сваіх студэнтаў Алена Бохан, прарэктар па вучэбнай працы БДАМ. Яна заявіла, што яна супраць адлічэнняў за выказванне сваёй пазіцыі.
  • Святлана Ціханоўская выступіла са зваротам, у якім падкрэсліла, што ганарыцца беларускімі студэнтамі. У заяве яна адзначыла, што адлічаныя студэнты здолеюць працягнуць навучанне за мяжою.
  • Стыпендыяльная праграма Каліноўскага, якая дапамагае вучыцца ў Польшчы, абвясціла пра дадатковыя тысячу месцаў для беларусаў, ЕГУ – 500 месцаў. Таксама стыпендыямі беларусаў падтрымалі чэшскія, славацкія, славенскія вучэльні.

Ксенія Тарасевіч, Максім Гацак belsat.eu

Стужка навінаў