Віншуем з Днём герояў! Глядзіце дакфільм «Белсату» і кліп Дзецюкоў пра «Слуцкі збройны чын»


Гэтымі днямі 97 гадоў таму героі-случчакі ўступілі ў бой з бальшавікамі за незалежнасць Беларусі. Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што ў Слуцкім збройным чыне бралі ўдзел да 15-ці тысячаў чалавек, у асноўным – звычайныя сяляне, якія добраахвотна падтрымалі барацьбу за незалежнасць. Нягледзячы на нястачу ўзбраення ды амуніцыі, несуразмерныя колькасныя сілы бакоў, больш за месяц два слуцкія палкі змагаліся з бальшавікамі.

На заклік Рады Случчыны некалькі тысячаў беларусаў пад бел-чырвона-белым сцягамі ды Пагоняю са зброяй у руках адчайна баранілі ад бальшавікоў незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. «Тым, што пайшлі паміраць, каб жыла Бацькаўшчына», – так было напісана на сцягу слуцкіх паўстанцаў.

Баі паміж беларускімі і савецкімі войскамі пачаліся 26-27 лістапада. Разгортваўся актыўны антыбальшавіцкі партызанскі супраціў. Да беларускіх аддзелаў далучалася больш і больш людзей. Слуцкая рада заклікала жаўнераў Чырвонай Арміі пераходзіць на беларускі бок. Шмат вайскоўцаў гэтак і зрабілі, бо сярод іх было нямала расейскіх сялянаў, якія таксама не падтрымлівалі камуністаў. Бальшавікі былі вымушаныя кінуць супраць беларускага войска аддзелы з латышоў і кітайцаў.

Ваенныя дзеянні з удзелам случчакоў, галоўным чынам партызанскага характару, доўжыліся амаль да канца снежня 1920 года – тады стала ясна, што беларускае войска больш не можа супрацьстаяць бальшавікам – слуцкія паўстанцы, як і армія Станіслава Булак-Балаховіча, адышлі на тэрыторыю Польшчы.

Афіцыйныя ўлады Беларусі ігнаруюць Слуцкі збройны чын, як і ўсё звязанае з гісторыяй Беларускай Народнай Рэспублікі. У сённяшняй Беларусі гэтая падзея несправядліва забытая. Слуцкім паўстанцам улады дагэтуль не ўсталявалі помніку, імёнамі герояў не назвалі вуліцаў беларускіх гарадоў.

Прапануем вам узгадаць, як разгортвалася супрацьстаянне, і што ў выніку яго атрымалі беларусы, прагледзеўшы дакументальны фільм «Белсату» «Слуцкі збройны чын», зняты ў 2008 годзе беларускім рэжысёрам Сяргеем Ісакавым.

Гурт «Дзецюкі» прысвяціў песню «Хлопцы-балахоўцы» ваярам за незалежнасць Беларусі.

Стужка навінаў