Вільня забаніла электрычнасць з Беларусі. Ці Варшава таксама?




Менск не зможа прадаць Вільні электрычнасць з Беларускай АЭС. Парламенцкая Асамблея Рады Еўропы заклікала не выдаваць ліцэнзіі атамнай электрастанцыі, якую будуе «Росатам» на мяжы з Літвою. Прынамсі пакуль Беларусь не зрэалізуе ўсіх рэкамендацыяў стрэс-тэстаў. Чарговы крок у байкатаванні БелАЭС таксама зрабіў літоўскі ўрад. Там рыхтуюць змены, якія заблакуюць шляхі для беларускай электраэнергіі ў Літву, куды так хоча яе прадаваць Менск.

У Вільні з вышыні птушынага палёту выразна відаць, як блізка размяшчаецца Астравецкая АЭС да літоўскае сталіцы. На будаўніцтва атамнай электрастанцыі, якою так ганарыцца ўрад Беларусі, у Вільні глядзяць іначай.

«У нас закон, які выразна кажа, што гэтая атамная электрастанцыя – пагроза для літоўскай нацыянальнай бяспекі, для нашага навакольнага асяродку і здароўя грамадства», – кажа міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

У сувязі з гэтым літоўскае Міністэрства энергетыкі падрыхтавала змены, дзякуючы якім энергія з БелАЭС не здолее трапіць у Літву. Дакумент прадугледжвае нулявую прапускную здольнасць лініяў электраперадачы паміж краінамі.

«Гэта другі крок. Мы паслядоўна рэалізоўваем сваю пазіцыю, што мы не будзем набываць ніякай энергіі, калі Астравецкая АЭС пачне працаваць», – працягвае Жыгімантас Вайчунас.

На змены, якія плануюцца прыняць на наступным тыдні, ужо адрэагаваў афіцыйны Менск.

«Дык Ігналінская АЭС у Літве таксама на мяжы, і, калі яна працавала, ніхто не казаў пра пагрозу нацыянальнай бяспецы Беларусі», – заявіў міністр энергетыкі Беларусі Віктар Каранкевіч.

Літоўскі калега Каранкевіча мяркуе, што сітуацыі непараўнальныя. Тым больш, што эксплуатацыю Ігналінскай АЭС спынілі яшчэ 9 гадоў таму.

«Стрэс-тэсты Ігналінскай АЭС былі цалкам скончаныя, а рэкамендацыі выкананыя. Такую ж пазіцыю мы займаем адносна Астравецкай АЭС. Усе рэкамендацыі, якія былі агучаныя ўлетку, мусяць быць цалкам выкананыя», – дадае Жыгімантас Вайчунас.

Непакой выклікае не толькі тое, што БелАЭС размяшчаецца ўсяго за паўсотні кіламетраў ад літоўскае сталіцы. Але і тое, што аб’ект будуе расейскі «Росатом». Летась прэзідэнт краіны Даля Грыбаўскаце назвала Астравецкую АЭС геапалітычным праектам Расеі, скіраваным супраць Літвы. Тым не менш, шэраг экспертаў мяркуе, што будаўніцтва атамных электрастанцыяў за мяжою для Масквы гэта перадусім бізнес.

«Расейская Федэрацыя мае няшмат галінаў прамысловасці, якія могуць экспартаваць высокія тэхналогіі. «Росатом» належыць да тых расейскіх кампаніяў, якія генеруюць высокія прыбыткі ды прыносяць шмат грошай у бюджэт Расеі», – каментуе Павэл Флейшэр з Інстытуту прагназавання і міжнародных даследаванняў у Варшаве.

Апроч Беларусі, Расея будуе АЭС яшчэ ў 8 краінах за мяжою. Між іншага, у Турцыі, якая ўваходзіць у НАТО. Яшчэ дзве краіны – Вугоршчына і Фінляндыя – у Еўразвязе, што не можа не турбаваць Абʼяднаную Еўропу.

«Брусель адназначна будзе негатыўна ставіцца да інвестыцыяў, якія распачала Вугоршчына ці тая ж Турцыя. З таго пункту гледжання, што гэта ўмацоўвае пазіцыю Расеі ў гэтых краінах», – працягвае Павэл Флейшэр.

Эксперт таксама прызнае, што Расея можа выкарыстаць атамныя станцыі як інструмент ціску. Але наўрад ці як зброю ў выпадку канфлікту.

«Я мяркую, што ў Крамлі ёсць асобы, якія лагічна разважаюць пра магчымасці выкарыстання. Адзінае, яны могуць разглядаць сцэнар адключэння энергіі ў ваколіцах АЭС, каб справакаваць падзенне гаспадаркі. Бо такія дзеяння выклікаюць крызіс: не працуюць банкі, тэлекамунікацыйныя сістэмы, транспарт», – дадае Флейшэр.

А таму Літва не толькі пратэстуе супраць Беларускай АЭС, але і прымае захады, каб стаць цалкам незалежнаю ад расейскай энергіі. Да тае пары краіны Балтыі працуюць у сінхронным рэжыме з постсавецкаю энергасістэмаю. Але неўзабаве яны маюць сінхранізавацца з еўрапейскаю сістэмай.

«Сёлета ў нас быў вялікі прагрэс. Мы дасягнулі палітычнага пагаднення паміж краінамі Балтыі, Польшчаю і Еўракамісіяй, каб рухацца далей. І цяпер крок за крокам мы паслядоўна рэалізоўваем гэты праект, вельмі важны для бяспекі балтыйскіх краінаў», – распавядае міністр энергетыкі Літвы Жыгімантас Вайчунас.

Апроч таго, урад Літвы аднавіў план абароны насельніцтва на выпадак інцыдэнту на атамнай электрастанцыі ў Астраўцы. Дакумент прадугледжвае эвакуацыю 6-ці тысячаў жыхароў, якія знаходзяцца ўжывуць у 30-кіламетровай зоне абʼекту. Прафесар Георгій Лепін, аднак, скептычна ацэньвае гэты план: «Літве няма куды адсяляць. Літва маленькая краіна. Калі ў Беларусі штосьці адбудзецца, можна людзей у тайгу куды-небудзь, у Расею адправіць, знойдуць выйсце. У Літвы ж яго няма».

Адзінае выйсце – не дапусціць, каб АЭС у Астраўцы запрацавала. Урад Беларусі ўсцяж пераконвае, што атамная станцыя будзе бяспечная, а энергія больш танная. Але Вільня не зважае на эканамічныя страты.

«Найбольшая страта – гэта пагроза нацыянальнай бяспецы. Натуральна, што мы пра яе дбаем. Гэта нашая адказнасць», – адзначае Жыгімантас Вайчунас.

Першы энергаблок БелАЭС маюць запусціць ужо праз два гады. Але пытанне, хто будзе набываць электраэнергію, усцяж застаецца адкрытае.

Днямі беларускае Міністэрства энергетыкі заявіла, што ўсцяж разлічвае на супрацу з Польшчаю. Але Варшава, як і Вільня, мае цвёрды намер байкатаваць беларускі атам расейскага паходжання.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Стужка навінаў