Віктарыны, стэндапы, караоке. Якім быў кандыдат Зяленскі ў выбарчую ноч


У другім туры прэзідэнцкіх выбараў ва Украіне сустрэнуцца дзве кардынальна розныя сілы, два полюсы чаканняў і спадзеваў украінскага грамадства. Дыпламат і комік, алігарх і медыйны бізнесовец, старажыл палітыкі і ейны абсалютны неафіт. Хто такі Парашэнка, распавядаюць ягоныя дасягненні і паразы пад час пяцігадовай кадэнцыі. Хто такі Зяленскі – застаецца толькі здагадвацца, падмацоўваючы здагадкі праглядамі серыялу «Слуга народу», дзе кандыдат Зе! грае сумленнага беднага настаўніка, які аднойчы ўзначальвае Украіну. Вось нашыя першыя ўражанні ад кандыдата нумар 1.

«Зразумела, за каго я галасаваць буду. Ні абяцанак, ні прабачэнняў!* (адзін з перадвыбарчых слоганаў Уладзіміра Зяленскага), гэта мяне рэальна падкупіла, – кажа малады кіяўлянін, уваходзячы ў адзін з бараў багемнага сталічнага раёну Падол.

Кіяўляніну каля 25-ці гадоў. Паводле сацапытанняў, такія акурат прагаласуюць за кандыдата Зе! Зразумеўшы, што яго слухаюць усур’ёз, наведнік бару і сам умомант сур’ёзнее:

«Я жартую. Што я ведаю пра Зяленскага? Якая ягоная рэальная праграма?»

Гаварыць гатовы, ды часу няма

Доўгі час галоўная прэтэнзія да кандыдата Зяленскага – што ён не выходзіць да журналістаў, не адказвае на вострыя пытанні. У дзень выбараў журналісты заціскаюць Зяленскага ў жорсткіх абдымках: дарога ад аўто да выбарчага ўчастку, ад дзвярэй выбарчага штабу да сцэны і назад – адзіная магчымасць пагаварыць з кандыдатам на прэзідэнта.

«Віртуальны» кандыдат у рэальных абдымках медыяў. 2019/03/31, Кіеў. Фота – Ганна Лысун, belsat.eu

У атмасферы цісканіны ды змагання Зяленскага пытаюць, ці праўда, што ў італійскай Таскане пустуе ў чаканні вакацыяў ягоная незадэклараваная віла на 15 пакояў. Праўда, адказвае Зяленскі, маецца невялікая хатка. Як ставіцеся да апанента прэзідэнта Пятра Парашэнкі, выкінутага з Украіны грузіна Міхэйла Саакашвілі? Добры чалавек, кажа Зяленскі, перамог карупцыю ў Грузіі.

Саакашвілі тут жа ў фэйсбуку адказвае Зяленскаму кампліментамі. На думку былога прэзідэнта Грузіі, Зе! – не падобны да традыцыйных палітыкаў і варты таго, каб кіраваць дзяржавай.

Владимир Зеленский – наступний президент України! Закликаю всі демократичні сили його підтримати без будь-яких…

Opublikowany przez Mikheila Saakashviliego Niedziela, 31 marca 2019

«Калі я сустрэнуся з Уладзімірам Пуціным, – кажа кандыдат нумар 1 і пераходзіць з дзяржаўнай на расейскую мову. – Я скажу: нарэшце вы вярнулі нашыя тэрыторыі, колькі вы яшчэ гатовыя кампенсаваць грошай за тое, што вы адабралі нашыя тэрыторыі і дапамагалі людзям, якія ўдзельнічалі ў эскалацыі Крыму і Данбасу на ўсім іхным страшным, жорсткім, агідным шляху?»

Opublikowany przez Adelę Dubaviec Niedziela, 31 marca 2019

Уладзімір Зяленскі пад час імправізаванай 3-хвіліннай прэс-канферэнцыі. Кандыдата часта вінавацяць у няўменні фармуляваць свае адказы на пытанні, датычныя ягонай праграмы. Відэа – Адэля Дубавец, belsat.eu

Пяцёрку іншых чальцоў сваёй каманды Зяленскі збіраецца агучыць да канца другога туру, а прэм’ер-міністрам бачыць прафесійную асобу. Аднак прозвішча пакуль не назаве.

«Хачу, каб усе журналісты зразумелі, – кажа Зяленскі. – Я гатовы да якога-кольвек інтэрв’ю, проста ў мяне вельмі мала часу ў жыцці».

Вечарынка зялёнай каманды

Перадвыбарчы штаб кандыдата Зяленскага нагадвае клубны канцэрт, дзе кожны мусіць пачувацца разняволеным ды аддацца забавам.

«Тут гэтак грыміць музыка, што немагчыма засяродзіцца ні на чым», – наракае кіеўская журналістка.

Штаб Зе! арганізавалі ў кангрэсава-выставачным цэнтры «Паркавы», больш вядомым грамадскасці як «верталётная пляцоўка Януковіча» – яе пабудавалі дзеля зручнасці выгнанага пад час рэвалюцыі экс-прэзідэнта і ніяк не перададуць у карыстанне ўладам гораду.
Фота: Адэля Дубавец, belsat.eu

Стракаценне экранаў з яскравым надпісам «Дзень выбараў» абуджае фантазіі пра чарговае шоў ці здымкі фільму, а не жорсткую перадвыбарчую барацьбу. Сам Зе! з’яўляецца сюды, каб на камеры пагуляць у настольны тэніс.

2019/03/31, Кіеў. Фота – Forum/REUTERS/Valentyn Ogirenko

Пакуль кандыдата няма, госці п’юць ігрыстае віно, друкуюць свае фота са смешнымі шаблонамі, што нагадваюць перадвыбарчыя бігборды кандыдатаў, паўзы паміж выступамі разбаўляюць комікі ды стэндаперы.

«Выступы ў выбарчы вечар мала чым адрозніваюцца ад імпрэзаў студыі «Квартал 95», кіраўніком якой з’яўляецца Зяленскі».
Фота: Адэля Дубавец, belsat.eu

Перад тым, як пайсці, Зяленскі абяцае, што ягоная каманда будзе працаваць кругласуткава. Праграма, апроч агучвання вынікаў галасавання, абяцае прагляд трэцяга сезону серыялу «Слуга народу» (выйшаў акурат напярэдадні дня выбараў) ды чэмпіянат па караоке.

Чытайце таксама:

Адэля Дубавец belsat.eu

Стужка навінаў