Віктар Цярэшчанка: Наступіць 2020 год і як мы будзем жыць далей?


Пра сёлетнюю парламенцкую кампанію «Белсат» паразмаўляў з эканамістам, удзельнікам прэзідэнцкай кампаніі 2010 года і цяперашнім кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Віктарам Цярэшчанкам.

– Спадар Віктар, чаму вы вырашылі ўдзельнічаць у сёлетніх парламенцкіх выбарах? Ці сапраўды верыце ў тое, што беларускі народ можа выбіраць сабе кандыдатаў, што сапраўды ў нас ёсць выбары?

– Калі я паглядзеў на прэтэндэнтаў у кандыдаты на дэпутацтва ў Палаце прадстаўнікоў, я пабачыў людзей зусім непадрыхтаваных, у тым ліку кандыдатаў ад улады. Мне няёмка называць гэтыя прозвішчы, але людзі непадрыхтаваныя, не ведаюць дзяржаўнага ўладкавання, эканомікі, сітуацыі, не маюць досведу працы ва ўладзе ці на нейкай больш-менш адпаведнай, нармальнай пасадзе. Я апошнім падаў заяву (на рэгістрацыю кандыдатам – рэд.).

Што датычыць саміх выбараў, то я да цяперашняга часу ў іх не веру. Калі ісці крок за крокам, то нам трэба, напэўна, 200-300 гадоў, каб дасягнуць узроўню краінаў Балтыі. Але гэта немагчыма, і сёння дастаткова прыкладаў, каб сказаць, што кандыдатуры ад улады падтрымліваюцца ўсімі грамадскімі і дзяржаўнымі структурамі. Гэта адкрыта, наўпрост, і, калі хочаце, нахабна.

– У чым адметнасць вашай парламенцкай кампаніі, з чым ідзяце ў народ, з якім пасылам? І наагул што б вы змянілі ў першую чаргу ў Беларусі?

– Я іду з асноўным тэзісам: праблемы краіны і шляхі іх вырашэння. Блок «эканоміка», узровень рэальных прыбыткаў насельніцтва, беспрацоўе і яе рост, рост коштаў – гэта нас трывожыць. Ніводзін асноўны паказнік у Рэспубліцы Беларусь за паўгоддзе не выкананы, у папярэднія гады таксама не выкананы. За пяць гадоў у нас стагнацыя, падзенне абʼёмаў вытворчасці. Як мне, чалавеку дасведчанаму, прамаўчаць тут?

Ну, праспім мы яшчэ 4 гады, наступіць 2020 год і як мы будзем жыць далей? Мы сёння маем надзвычай вялікія праблемы. Гэта схіліла не толькі ісці, але і актыўна працаваць. Больш за тое, 97-ы артыкул Канстытуцыі гаворыць, што Палата прадстаўнікоў займаецца ваеннай дактрынай, бюджэтам і гэтак далей. Законы, семʼі, шлюбы, усё нашае жыццё – гэта Палата прадстаўнікоў, найвышэйшы заканадаўчы орган. Некаторыя нашыя калегі абяцаюць выбарцам адрамантаваць лаўку, заасфальтаваць дарогу, рост пенсіяў для ўсіх, стыпендыяў, праўда, ніхто не сказаў – адкуль (узяць грошы – рэд.). Падкрэсліваю, рэальныя прыбыткі насельніцтва падаюць. І я іду з канкрэтнай праграмай. Яна вядомая, ужо данесеная кожнаму выбарцу. Больш за тое, ніхто не сказаў мне на спатканнях з выбарцамі, што не разумее яе – усе адабраюць яе. Дай Бог, Віктар, – так звяртаюцца да мяне – дайдзіце, дастукайцеся, унясіце да разгляду ўраду, дабіцеся, каб урад пайшоў па шляху росту эканомікі.

Больш – у відэаматэрыяле.

МЯ, belsat.eu

Стужка навінаў