Віктар Пракапеня і Саід Гуцэрыеў адкрылі ў Беларусі першую крыптабіржу


Кампанію Currency.com зарэгістравалі ў Парку высокіх тэхналогіяў.

Інвестары – VP Capital Віктара Пракапені ды Larnabel Ventures Саіда Гуцэрыева. Сума ўкладзеных у стартап грошай не раскрываецца.

Цяпер беларускія ўладальнікі крыптавалют могуць афіцыйна прадаваць і купляць іх на тэрыторыі нашай краіны.

Асаблівасцю праекту называюць магчымасць выпуску звыш 10 000 такенізаваных біржавых актываў. Пазней будзе даступна больш за 150 відаў токенаў (адпаведнік каштоўных папераў у віртуальным свеце – Заўвага belsat.eu), што робіць беларускі праект першым у свеце ў сваім родзе.

Біржа прымае біткоіны і эфірыумы, а таксама долары, еўра, рублі.

Цягам 2019 года інвестары разлічваюць на выручку ў памеры $ 70 мільёнаў за кошт біржавых камісіяў, якія будуць складаць ад 0,2 да 1,5% у залежнасці ад аперацыі.

Магчымасць стварэння крыптабіржы ў Беларусі з’явілася ў 2017 годзе пасля прыняцця дэкрэту № 8 «Аб развіцці лічбавай эканомікі».

Саід Гуцэрыеў – сын расейскага алігарха Міхаіла Гуцэрыева, сябры кіраўніка Беларусі, якому Лукашэнка «няўхільна давярае». Паводле неафіцыйных звестак, менавіта Гуцэрыеў разам з Віктарам Пракапенем угаварылі Лукашэнку падпісаць дэкрэт «Аб развіцці лічбавай эканомікі».

ДР belsat.eu

Стужка навінаў