Віктар Лукашэнка разблакаваў Оnliner.by


Аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце загадаў вярнуць сайт у нацыянальную даменную зону.

Пра гэта паведамляе ананімная крыніца 42.tut.by. Доступ да папулярнага інтэрнэт-рэсурсу будзе адкрыты для ўсіх правайдараў цягам 24 гадзінаў.

20 снежня Аператыўна-аналітычны цэнтр (ААЦ) пастанавіў выключыць Оnliner.by з нацыянальнай даменнай зоны «за парушэнне заканадаўства аб гандлі».

Адначасова з «Онлайнэрам» былі заблакаваныя недзяржаўныя інфармацыйныя рэсусрсы Belapan.by, Naviny.by, Gazetaby.com і шэраг іншых.

Нагадаем, што ў 2013 г. Аляксандр Лукашэнка даў інтэрвю ўкраінскаму выданню Іzvestia.kiev.ua і прызнаўся, што ААЦ курыруе яго старэйшы сын Віктар.

«У нас у Беларусі створаны кампактны аператыўна-аналітычны цэнтр пры прэзідэнце, у ім менш за сто чалавек. Яго кантралюе мой старэйшы сын. І паводле закону яму падкантрольная «вярхушка» спецслужбаў. Сын хварэе за бацьку, пракурор разумее, што ён падкантрольны, і суддзі разумеюць, што падкантрольныя. Калі галава не гнілая, хвост будзе круціцца», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Цяпер ААЦ кіруе Сяргей Шпягун. Былы кіраўнік цэнтру Валерый Вакульчык з 2012 года ўзначальвае КДБ.

Сёлета праваабарончая арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» улучыла ААЦ у спіс арганізацыяў-ворагаў інтэрнэту.

ЮВ, belsat.eu

Стужка навінаў