Віктар і Мікалай Лукашэнкі наведалі расейскую амбасаду ў Менску і ўсклалі кветкі


Сыны Аляксандра Лукашэнкі Віктар і Мікалай наведалі 28 сакавіка амбасаду Расеі ў Беларусі, каб ушанаваць памяць загінулых у выніку трагедыі ў Кемерава.

«Мы прыйшлі сюды, каб ад усёй нашай сям’і, ад нашага бацькі выказаць глыбокія спачуванні брацкаму расейскаму народу», – сказаў Віктар Лукашэнка падчас сустрэчы з журналістамі.

Ён падкрэсліў, што пажар у гандлёвым цэнтры ў Кемерава стаў страшнай трагедыяй.

«Мы смуткуем разам з расейцамі, разам з роднымі і блізкімі, якія страцілі сваіх дзяцей», – дадаў Віктар Лукашэнка.

Словы спачуванні перадаў расейскаму народу і Коля Лукашэнка. Сярэдні сын прэзідэнта Дзмітрый Лукашэнка аддаў даніну памяці загінулым у Кемерава ў Маскве, дзе цяпер знаходзіцца з сямʼёй.

Дзмітрый Лукашэнка з сям’ёй у Маскве. Фота – БелТА

Паводле афіцыйных звестак, ахвярамі трагедыі ў гандлёвым цэнтры ў Кемерава сталі 64 чалавекі (у тым ліку мінімум 41 дзіця, як сцвярджаюць сваякі). Пажар узнік 25 сакавіка на чацвёртым, апошнім, паверсе гандлёвага цэнтру. Пажарная сігналізацыя не спрацавала. Эвакуацыю людзей абцяжарвалі зачыненыя выхады і агульная паніка. Некаторым давялося выкідвацца з вокнаў. Дзеці тэлефанавалі бацькам і рабілі пасмяротныя запісы ў сацсетках.

ІІ, belsat.eu, паводле БелТА

Стужка навінаў