Віктар Бабарыка заклікаў збіраць подпісы за рэферэндум па змене Канстытуцыі

Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка заклікаў правесці агульнарэспубліканскі рэферэндум па змене Канстытуцыі Беларусі. Гэтую ініцыятыву ён агучыў у відэазвароце, які быў запісаны на выпадак арышту і апублікаваны сёння.

«Я хачу абвесціць новую ініцыятыву і я вельмі спадзяюся, што вы мяне падтрымаеце. Я прапаноўваю правесці агульна рэспубліканскі рэферэндум па змене Канстытуцыі Беларусі, узяўшы за прыклад Канстытуцыю 1994 года», – заявіў ён.

Патэнцыйны кандыдат выказаў упэўненасць: калі цягам месяца ў ягоную падтрымку было сабрана больш за 400 тысяч подпісаў, то не будзе вялікай праблемай сабраць за наступныя два месяцы 450 тысяч чалавек, «якія будуць незалежна ад таго, хто пераможа 9 жніўня, гатовыя зрабіць сваю краіну такой, якой яна мае быць».

Для рэалізацыі гэтага плана трэба сфармаваць ініцыятыўную групу колькасцю больш за 100 чалавек, сфармуляваць тыя пытанні, якія мусяць разглядацца на рэферэндуме, і сабраць 450 тысяч подпісаў за яго правядзенне.

«Я лічу гэтая ініцыятыва пакажа адзінства беларускага народу, яго імкненне да сапраўднага народаўладдзя.Незалежна ад таго, хто 9 га жніўня будзе абвешчаны пераможцам, да Новага года Беларусь атрымае новую Канстытуцыю», – заявіў Бабарыка.

ІІ belsat.eu

Hавiны