Віктар Бабарыка не верыць у тое, што ўлада выкарыстае супраць яго фізічны гвалт


Патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка заявіў на прэс-канферэнцыі, што сённяшнія ператрусы могуць мець «заказны, палітычны характар».

Віктар Бабарыка заўважыў, што цягам 20 гадоў у «Белагазпрамбанку» праходзілі шматлікія праверкі і ніякіх парушэнняў не было знойдзена. Асобна правяралася і кампанія «ПрыватЛізінг», але таксама безвынікова. На момант адстаўкі Бабарыкі «ПрыватЛізінг» заставаўся адным з самых буйных і паважаных кліентаў «Белгазпрамбанку».

Віктар Бабарыка. Фота – belsat.eu

«Напрошваецца выснова, што дзеянні сённяшняга дня носяць заказны, палітычны характар. Я лічу, што гэта недапушчальна. Выкарыстанне любога становішча і інструментаў для ціску супярэчыць заканадаўству Рэспублікі Беларусь», – падкрэсліў ён.

Абноўлена
У офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі працаўнікі ДФР, распачатая крымінальная справа
2020.06.11 10:49

Паводле Бабарыкі, увесь цынізм гэтых дзеянняў уладаў заключаецца ў тым, што яны накіраваныя не на яго асабіста, а на сяброў і калегаў. «Гэта верх чалавечай непрыстойнасці», – падкрэсліў былы банкір. Пры гэтым ён адмовіўся назваць цяперашнія падзеі «рэпрэсіямі».

Віктар Бабарыка. Фота – belsat.eu

Паводле Бабарыкі, улада «перайшла Рубікон» і можа пайсці амаль на любыя дзеянні супраць яго.

«Я ўжо дапускаю любыя правакацыі. Адзінае, чаго я не дапускаю – фізічнае ліквідаванне, фізічны гвалт у адносінах як да людзей, якія працуюць у штабе, так і да мяне. Я дагэтуль не веру, што можа быць фізічны гвалт», – падкрэсліў ён.

Віктар Бабарыка. Фота – belsat.eu

Бабарыка сказаў, што «ПрыватЛізінг», «Кампары» і «Кентаўр», дзе сёння прайшлі ператрусы, – гэта кліенты «Белгазпрамбанку» і ён «часткова ведае» людзей з гэтых кампаніяў. Але яго асабіста з гэтымі фірмамі нічога не звязвае.

Справка

«ПрыватЛізінг» займаецца заключэннем лізінгавых здзелак з фізічнымі асобамі. Праз платформу «рассрочка.бел» і сетку крамаў «5 элемент» кампанія прапануе электратавары. Кампанія «Кентраўр» аказвае страхавыя паслугі. Кампанія «Кампары» займаецца вытворчасцю сродкаў жаночай гігіены.

Бабарыка ўпэўнены, што яго зарэгіструюць у якасці кандыдата ў прэзідэнты, бо інакш улада прызнае сваё бяссілле. «Нерэгістрацыя нашай групы – гэта не проста ганьба, а прызнанне таго, што рэйтынгі, якія публікуюць в незалежных выданнях, правільныя», – падкрэсліў ён. Карэктаваць сваю выбарчую кампанію патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты не збіраецца.

Паводле Бабарыкі, на 11 чэрвеня сабрана больш за 300 тысяч подпісаў у ягоную падтрымку.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў