Віктар Бабарыка распавёў пра незалежнасць і паабяцаў вывучыць беларускую мову


Прэтэндэнт у кандыдаты Віктар Бабарыка адказаў на пытанні падчас жывой трансляцыі ў сваім канале YouTube.

Былы банкір і вылучэнец у кандадаты на прэзідэнцтва Віктар Бабарыка ў жывой трансляцыі ў youtube адказаў на пытанні, якія беларусы маглі задаць яму сацыяльных сетках. Віктар Бабарыка падрабязна распавёў пра сябе, пра ўзнікненне палітычных амбіцыяў і пра сваё бачанне развіцця незалежнасці краіны.

«Незалежнасць для мяне – гэта рабіць тое, што сам лічыш патрэбным і правільным не перашкаджаючы іншым. Не жадаю, каб у нашыя справы ўмешваліся і каб Беларусь вучылі што рабіць», – распавёў Віктар Бабарыка.

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Палітык адзначыў, што будаваць незалежную дзяржаву без базы і падмурку немагчыма. На думку Віктара Бабарыкі, такім падмуркам у Беларусі з’яўляецца культура, нацыянальная ідэнтычнасць. Людзі – галоўны гонар нашай краіны, адзначыў палітык.

«Я адназначна беларус і вельмі люблю сваю краіну. І тое, што вылучыўся, паказвае, што для мяне гэта адназначна высокая каштоўнасць. На жаль я не выкарыстоўваю родную мову ў паўсядзённым жыцці. Я не так дасканала размаўляю на ёй і ўжываю, але абяцаю, што буду валодаць абодвума мовамі добра», – паабяцаў Бабарыка.

Палітык таксама распавёў, што выступае за любы саюз, які забяспечыць развіццё краіны, але які не закранае незалежнасць краіны. Такім чынам Віктар Бабарыка бачыць удзел нашай краіны ў Мытным звязе з Расеяй.

Галоўным аспектам эканамічнай палітыкі ў краіне ў выпадку сваёй перамогі на прэзідэнцкіх выбарах Віктар Бабарыка бачыць у забеспячэнні зніжэння бар’ераў для самарэалізацыі і развіццё самазанятасці.

Віктар Бабарыка.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі адбудуцца 9 жніўня. Свае палітычныя амбіцыі агучылі бізнесоўцы Віктар Бабарыка і Валерый Цапкала, апазіцыйныя палітыкі Юрась Губарэвіч, Мікалай Казлоў, Вольга Кавалькова, экс-дэпутатка Ганна Канапацкая, кіраўнік кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, сацыяліст Сяргей Чэрачэнь, дэпутат Алег Гайдукевіч, Аляксандр Лукашэнка, фермер Юрый Ганцэвіч, актывіст Уладзімір Няпомняшчых і палітычныя навічкі, такія як Наталля Кісель ці Святлана Ціханоўская, Алесь Таболіч.

СК belsat.eu

Стужка навінаў