Віктар Бабарыка пра ператрусы: «Гэта ціск на мяне»

У сеціве зʼявілася відэа, дзе патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты Віктар Бабарыка каментуе сітуацыю з ператрусамі у «Белгазпрамбанку» і крымінальны пераслед, звязаных з ім людзей.

Бабарыка кажа на відэа, што пачаліся ператрусы ў людзей, звязаных з ім, былі распачатыя крымінальныя справы. Патэнцыйны кандыдат кажа, што гэтыя падзеі звязаныя з кампаніяй «ПрыватЛізінг» і тычацца выключна банкаўскай дзейнасці. «Што гэта значыць? Што штаб – у бяспецы. Гэта значыць, мы працягваем працу», – падкрэсліў ён.

Бабарыка папрасіў чальцоў сваёй ініцыятыўнай групы не турбавацца, але дадаў, што тыя, хто адчувае цяпер пагрозу, мае поўнае права сысці.

«Тое, што цяпер адбываецца, асноўны ціск і нават тое, што я не ўваходжу ў кола (падазраваных – заўв. belsat.eu) – гэта ціск на мяне. Фармаванне комплексу віны за людзей, якія паверылі і пайшлі. Мне не вельмі прыемна гэта адчуваць. Але я да гэтага, у прынцыпе, рыхтаваўся і гэта разумею», – заявіў ён.

Раніцай 11 чэрвеня адбыўся ператрус у галоўным офісу «Белгазпрамбанку». У КДК паведамілі, што ДФР распачаў крымінальную справу паводле ч.2 арт. 243 «Ухіленне ад выплаты падаткаў і збораў у асабліва буйным памеры» і па ч.2 арт. 335 «Легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, у асабліва буйным памеры». У якасці падазраваных па крымінальнай справе праходзяць прадстаўнікі камерцыйных структур, былыя і дзейныя працаўнікі банкаўскай сістэмы. Але Віктара Бабарыкі сярод іх пакуль няма, адзначылі ў КДК.

Нагадаем, на мінулым тыдні Аляксандр Лукашэнка намякнуў, што адзін з патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты можа быць датычны да махлярства і папрасіў спытаць «што такое ПрыватЛізінг» і «дзе грошы трымае, якія ашуканскім чынам атрымаў у Беларусі». Канкрэтнае імя кандыдата не было названае. Аднак Віктар Бабарыка заявіў, што ведае кампанію «ПрыватЛізінг» – гэта даўні кліент «Белгазпрамбанку». «Кампанія «ПрыватЛізінг» мае структуру валодання, у якую ўваходзяць, калі я не памыляюся, два ці тры былыя супрацоўнікі «Белгазпрамбанка». На гэтым гісторыю я магу скончыць», – адзначыў ён.

У офіс «Белгазпрамбанку» прыйшлі працаўнікі ДФР, распачатая крымінальная справа

ІІ belsat.eu

Hавiны