Фотафакт: Ала Цупер пранесла сцяг Беларусі на адкрыцці Алімпійскіх гульняў у Пхёнгчхангу


 

Беларускія алімпійцы на адкрыцці Гульняў, са сцягам Ала Цупер

Алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 фрыстайлістка Ала Цупер пранесла сцяг Беларусі на цырымоніі адкрыцця XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў у Пхёнгчхангу.

Беларуская дэлегацыя прайшла па дарожках алімпійскай арэны 29-й, а ўсяго на арэнах Пхёнгчхангу выступяць спартсмены з 92 краінаў планеты.

У складзе зборнай Беларусі акрамя Алы Цупер яшчэ два алімпійскія чэмпіёны – фрыстайліст Антон Кушнір і біятланістка Дар’я Домрачава, якая тройчы ўздымалася на вышэйшую прыступку пʼедэстала гонару на сочынскіх Гульнях. Там жа ўладальнікам бронзы стала яшчэ адна страляючая лыжніца Надзея Скардзіна. Самым дасведчаным сярод усіх беларускіх спартоўцаў зʼяўляецца лыжнік Сяргей Далідовіч, для якога цяперашняя Алімпіяда сёмая ў карʼеры.

Акрамя гэтых атлетаў за ўзнагароды Пхёнгчхангу 2018 паспрачаюцца яшчэ 27 беларускіх атлетаў: біятланісты Сяргей Бачарнікаў, Максім Варабей, Антон Смольскі, Раман Елетнаў, Уладзімір Чапелін, Дынара Алимбекова, Ірына Крыўко, Надзея Пісарава, фрыстайлісты Станіслаў Гладчанка, Максім Гусцік, Ганна Гуськова, Аляксандра Раманаўская, лыжнікі Юрый Астапенка, Аляксандр Воранаў, Міхаіл Сямёнаў, Валянціна Камінская, Анастасія Кірылава, Паліна Сераносава, Юлія Ціханава, канькабежцы Ігнат Голавацюк, Віталь Міхайлаў, Марына Зуева, Таццяна Міхайлава, Ксенія Садоўская, гарналыжнікі Юрый Данілачкін, Марыя Шканава і адзіны прадстаўнік шорт-трэка Максім Сяргееў.

Галоўныя медальныя надзеі беларускія заўзятары звязваюць з біятланісткамі і фрыстайлістамі. Беларусь у сёмы раз прыме ўдзел у зімовых Алімпійскіх гульнях самастойнай камандай. У медалёвай скарбонцы беларускай зборнай 15 узнагарод – 6 залатых, 4 сярэбраныя і 5 бронзавых.

НМ, belsat.eu, паводле БелТА, фотаздымак ТАСС – БелТА

Стужка навінаў