Відэаблогеру далі суткі за снежаньскія пратэсты восьмы раз запар. Агулам ён адсядзіць 120 дзён

Відэаблогер Шэры Кот. Фота – «Белсат»

Суддзя Таццяна Шоцік прысудзіла блогеру Дзмітрыю Казлову, вядомаму пад мянушкаю Шэры Кот, 15 сутак арышту за ўдзел у менскай акцыі супраць інтэграцыі з Расеяй 8 снежня, падае праваабарончы цэнтр «Вясна». Гэта ўжо восьмы арышт блогера за апошнія два месяцы.

Разгляд справы паводле часткі 3 арт. 23.34 КаАП адбыўся ў судзе Ленінскага раёну Менску 27 студзеня.

Сам Казлоў на пасяджэнні не з’явіўся, яго інтарэсы прадстаўляла адвакат. Яна заявіла адвод суддзі, але ён не быў задаволены.

Сведкамі выступілі міліцыянты Андрэй Ціханаў і Дзмітрый Каранеўскі. Першы адмаўляўся сказаць, як ён апазнаў Казлова. У рапарце было напісана, што асобу блогера вызначыў пазней, але ў судзе Ціханаў сказаў, што пазнаў блогера адразу. Шмат на якія пытанні міліцыянт адказваў «Не памятаю».

Ані Ціханаў, ані Каранеўскі не маглі назваць ніякіх дзеянняў удзельнікаў акцыі, якія парушалі б грамадскі парадак, акрамя таго, што яны там проста знаходзіліся.

Адвакат у выступе звярнула ўвагу суда на тое, што Казлоў рэалізоўваў свае правы, гарантаваныя Канстытуцыяй і Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, але гэта ніяк не паўплывала на вынік суда.

Блогер Шэры Кот ідзе на рэкорд. Яго зноў будуць судзіць

Дзмітрый Казлоў вырашыў стаць відэаблогерам пасля «маршаў недармаедаў» у 2017-м годзе. Папулярнасць ягоны канал займеў пасля наўпроставых трансляцыяў з менскіх акцый пратэсту супраць інтэграцыі з Расеяй. Падчас арыштаў у ізалятары хлопец хваляваўся, што страціць частку падпісчыкаў праз адсутнасць у інтэрнэце, але атрымалася наадварот: колькасць падпісчыкаў ягонага стала расце.

27 студзеня адбыліся таксама суды над іншымі ўдзельнікам антыінтэграцыйных акцыяў.

Суддзя Аляксей Кісляк з суд Ленінскага раёну прысудзіў Мікалаю Статкевічу штраф Br 1350 рублёў за акцыю 20 снежня, а Андрэю Кудзіку – штраф Br 1080 рублёў за акцыю 8 снежня.

Суддзя Максім Трусевіч з суду Першамайскага раёну даў штраф штраф Br 1350 рублёў за ўдзел у акцыі 20 снежня ў Менску Дзіяне Серадзюк.

Суддзя суду Цэнтральнага раёну Менску Таццяна Акавіта дала штраф Br 810 Пятру Садоўскаму за акцыю 7 снежня, а Іван Касцян з гэтага ж суду пакараў такім ж штрафам Лявона Баршчэўскага.

ДД belsat.eu

Глядзі таксама