Відэа: мядзведзь, бабёр, лось ды іншыя парушальнікі дзяржаўнай мяжы


На афіцыйнай старонцы ў Facebook Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы апублікавала відэа, на якім мядзведзь гуляе ўздоўж беларуска-літоўскай мяжы.

meškutė

Meškutė gauruota,Meškutė ruda.Šleivojo prie sienos,O kur jos viza?🐻

Publiée par Valstybės sienos apsaugos tarnyba sur vendredi 4 mai 2018

На відэа бачна, як мядзведзь ідзе ў бок Літвы, але пасля ўсё ж такі прымае рашэнне застацца ў Беларусі.

Мядзведзь не адзіны, хто аддаў перавагу жыццю ў Беларусі. Паўгода таму цэлая сям’я дзікоў (2 дарослых і 12 дзетак) вырашыла застацца на ПМЖ у нашай краіне. Спадзяемся, што іх папярэдзілі пра афрыканскую чуму свінняў.

Хапае і тых, хто хоча працягваць сваё жыццё на тэрыторыі Еўразвязу. Напрыклад, у мінулым годзе ў Літву ўцёк беларускі лось. Ён дастаткова доўга вагаўся, але пасля прыняў рашэнне і пераскочыў праз плот.

У пошуках лепшай долі таксама ў мінулым годзе перайшоў на літоўскі бок бабёр. Памежнікі зафіксавалі яго на камеру. На старонцы памежнай службы людзі тады запытваліся пра ягоны лёс: ці вярнуць яго на радзіму, ці не парушае ён памежнае заканадаўства. Памежнікі запэўнілі, што спраўдзілі ўсе дакументы бабра і шчыра павіталі на тэрыторыі Літвы.

Сярод беларускіх жывёлаў сустракаюцца і ўцекачы, якія вымушаныя бегчы з Беларусі, бо тут ім пагражае небяспека.

Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы зафіксавала, як воўк гоніцца за трусам. Ратуючы сваё жыццё, шэры проста быў вымушаны перакрочыць мяжу і застацца ў Літве. Ці вернецца ён калі-небудзь у Беларусь, невядома.

ГА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары