Відавочцу смерці і сябра Генадзя Шутава абвінавацілі ў замаху на забойства


Берасцеец Генадзь Шутаў загінуў падчас пратэстаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. Ён быў паранены стрэлам у патыліцу ў Берасці 11 жніўня. Некалькі дзён мужчына правёў у рэанімацыі берасцейскага шпіталя, затым яго верталётам перавезлі ў вайсковы шпіталь у Менску. Памёр Генадзь Шутаў 19 жніўня. Цяпер яго сябра Аляксанра Кардзюкова, відавочцу тых падзей, вінавацяць у замаху на забойства мужчыны, – паведамляе «Радыё Свабода».

Афіцыйная прычына смерці Генадзя Шутава – траўматычны ацёк галаўнога мозгу, пашкоджанне ў выніку стрэлу з ручной агнястрэльнай зброі з нявызначанымі намерамі.

Яшчэ да смерці Шутава Следчы камітэт распаўсюдзіў заяву, згодна з якой праваахоўнікі ў Берасці папраўдзе прамянялі агнястрэльную зброю супраць групы агрэсіўна настроеных пратэстоўцаў, узброеных арматурай. Родныя Генадзя Шутава настойваюць, што ён ня быў удзельнікам пратэстаў і ня мог нападаць на міліцыянтаў з арматурай у руках.

Крымінальная справа па факце забойства Генадзя Шутава заведзеная не была. СК паведамляў пра справу на самога Шутава паводле артыкулу аб супраціўленні супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Яна дагэтуль не закрытая, нягледзячы на смерць Шутава.

У канцы верасьня выданьне «Мэдыязона» апублікавала відэазапісы ў меркаваны момант забойства Шутава, але адназначна вызначыць прычыны канфлікту і тое, хто менавіта з боку праваахоўнікаў у ім удзельнічаў складана.

Пасля канфлікту з нявызначанымі асобамі, які скончыўся для Шутава агнястрэльным раненнем у патыліцу, Аляксандару Кардзюкову ўдалося ўцячы. Яго затрымалі толькі 14 жніўня.

За гэты час Кардзюкоў паспеў расказаць свайму суседу па гаражах, што змог схавацца ад сілавікоў пад балконам аднаго з дамоў па Маскоўскай вуліцы. А таксама пра тое, што ня ведаў аб смяротным раненні Генадзя Шутава і лічыў, што таго затрымалі і ён знаходзіцца ў ІЧУ Берасця.

Пасля затрымання Аляксандра Кардзюкова абвінавацілі паводле часткі 2 артыкулу 363 КК «Супраціўленне супрацоўніку органаў унутраных спраў альбо іншай асобе, якая ахоўвае грамадзянскі парадак», але цяпер Аляксандра абвінавачваюць ужо ў замаху на забойства.

«Чаму артыкул змянілі, ніяк не патлумачылі. Проста паставілі перад фактам. Саша таксама знаёміўся з матэрыяламі справы, але ён ня ведае, чаму так адбылося. Адвакат падала хадайніцтва, каб справу ўвогуле закрылі. Яна ня бачыць там доказаў вінаватасці брата ў нечым. Саша не ідзе на кантакт са следчымі, не гаворыць з імі», – расказала сястра Аляксандра Кардзюкова Марына

Марына мяркуе, што справу маглі перакваліфікаваць для таго, каб цалкам апраўдаць тых, хто страляў. Жанчына таксама дапускае, што справу яе брата Аляксандра Кардзюкова могуць разглядаць у закрытым судзе.

АД belsat.eu

Стужка навінаў