«Ветэраны не зразумеюць». У Віцебску закрылі выставу з халадцом у выглядзе галавы Леніна


У «Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва» закрылі выставу «Час жанчын» праз адзін з экспанатаў – халадзец у выглядзе галавы Уладзіміра Леніна. Інсталяцыя называецца «12 нажоў у спіну рэвалюцыі»: на талерцы стаіць галава лідара бальшавіцкай рэвалюцыі, зробленая з халадцу, а зверху – вяроўкі і чырвоныя анучы.

Выстава з удзелам гэтай інсталяцыі адкрылася 1 лістапада, а ўжо сёння спыніла сваю працу. Ні аўтар рэзананснага арт-аб’екту Анастасія Ганчарова, ні прадстаўнікі музею не сталі казаць журналістам, якія менавіта прэтэнзіі зʼявіліся да гэтай выставы, аднак, мяркуючы па ўсім, у інсталяцыі з галавой Леніна гарадскія ўлады пабачылі «абразу пачуццяў ветэранаў».

Віцебская мастачка Анастасія Ганчарова адзначыла ў інтэрвʼю belsat.eu, што асабіста ёй ніякія прэтэнзіі не выказваліся – дзяўчыне проста паведамілі, што выстава закрыта.

«Мы сутыкнуліся з праблемай разумення сучаснага мастацтва ў пэўных людзей. Прычым я кажу зараз не пра наведвальнікаў выставы і не пра супрацоўнікаў музею», – адзначыла яна.

Мастачка ўдакладніла, што гаворка ідзе пра людзей, ад якіх залежыць існаванне цэнтру сучаснага мастацтва (музей падпарадкоўваецца аддзелу культуры Віцебскага гарвыканкаму – заў. belsat.eu). Ганчарова дадала, што для таго, каб судзіць аб глыбіні і разнастайнасці постмадэрнісцкага мастацтва трэба валодаць адпаведнымі ведамі.

«Гэта не акцыянізм, не радыкальныя акцыі ў духу Паўленскага. Гэта інсталяцыя. Я не лічу гэтую інсталяцыю небяспечнай, абразлівай або маючай на ўвазе нейкую агрэсію. Я нікога не хацела абражаць і мне няма за што прасіць прабачэння. Тым не менш я лічу, што бальшавіцкая рэвалюцыя была крывавай, што вядома нам па мностве гістарычных дакументаў», – падкрэсліла Анастасія.

У Віцебскім цэнтры сучаснага мастацтва заявілі belsat.eu, што ніякага форс-мажору не было – нібыта выстава першапачаткова была разлічана на такі кароткі тэрмін. Пры гэтым прадстаўніца музею, старэйшы навуковы супрацоўнік Алена Ге падкрэсліла, што вельмі паважае творчасць Анастасіі Ганчаровай і музей мае намер працягваць з ёй супрацу.

«Я асабіста лічу, што дадзеная інсталяцыя валодае цікавым мастацкім рашэннем і па сэнсавай нагрузцы ўтрымлівае заклік да прымірэння», – заявіла яна.

Начальнік аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Шыенак заявіла belsat.eu, што гарвыканкам не даваў загадаў зачыніць выставу – гэта было рашэнне кіраўніцтва выставачнай залы.

Паводле чыноўніцы, СМІ няправільна зразумелі канцэпцыю інсталяцыі і ўклалі туды тыя сэнсы, якія першапачаткова не меркаваліся.

«А я ім кажу: калі не зразумелі СМІ, то не зразумеюць і ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, ветэраны працы. Ніхто не хоча перапісваць гісторыю і ставіць “двойку” папярэднім пакаленням, якія да таго ж яшчэ жывыя. У нас у Віцебску жыве больш за 700 ветэранаў вайны, выстава размяшчаецца ў цэнтры гораду, побач з плошчай Перамогі. З тэмай можа мастакі і патрапілі, але з месцам – не. Вось для прыватных галерэяў, для іншых пляцовак – калі ласка», – заявіла яна.

Нагадаем, Беларусь – адзіная краіна на постсавецкай прасторы, дзе дагэтуль гадавіна Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года лічацца дзяржаўным святам.

 

Ігар Ільяш, belsat.eu

Стужка навінаў