Ветэран Афганістану: «Я наіўны чалавек, веру ў справядлівасць…»


Палкоўнік у адстаўцы Іван Рудэнка, ветэран і інвалід I групы, гадамі піша ва ўсе інстанцыі, у тым ліку прэзідэнту, каб вярнуць сваю пенсію, якую… зменшылі амаль напалову.

Палкоўнік Васіль Рудэнка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Іван Васілевіч ужо 27 год змагаецца з бюракратычнай машынай, каб аднавіць сваю сапраўдную пенсію, якая была зрэзаная на 45 %. За гэты час ён напісаў дзясяткі лістоў у Мінабароны, у Адміністрацыю прэзідэнта, у пракуратуру, у Савет бяспекі і г. д. Адказу на ягоныя пытанні няма, бо ўсе лісты перанакіроўваюцца ў Міністэрства абароны, то бок у структуру, да якой ён і мае прэтэнзію.

Фота: Васіль Малчанаў / belsat.eu
Адказ з Адміністрацыі прэзідэнта.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Перапіска палкоўніка з чыноўнікамі.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Усё, мужык, жыві як жывеш, вока не адновіш!»

Яшчэ ў далёкім 1979-м годзе Іван Рудэнка служыў зампалітам 357-га парашутнага палку ў Баравусе пад Полацкам. Неяк уначы ўсіх байцоў паднялі па трывозе, пасадзілі ў самалёты, перакінулі спачатку ў Казахстан, пасля – на аэрадром у Баграме. Так пачалася ягоная служба ў Афганістане, якая фактычна каштавала вайскоўцу здароўя: неяк па дарозе з Кабулу на Джалалабад канвой трапіў у засаду маджахедаў, а БМД, на якой ехаў Рудэнка, падарвалася на фугасе.

У кватэры палкоўніка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Усё гэта так наўпрост не праходзіць, – распавядае Іван Васілевіч. – У Кабуле лёг у шпіталь, пасля – у акруговы шпіталь у Ташкенце. Апынулася, што выбухам мне выбіла барабанную перапонку. Утварылася пухліна, якая ішла да абалонкі мозгу, але ў Ташкенце яе выдалілі, прыжывіўшы кавалак скуры. Так і жыву з таго часу, і слава Богу!»

З узростам, ужо на пенсіі, пачалі з’яўляцца і іншыя праблемы – з вачыма. На адным воку з’явілася катаракта, якую лекары спачатку адмовіліся выдаляць, а пасля было ўжо позна.

«У шпіталі ў Менску мне сказалі: «Усё, мужык, жыві як жывеш, вока не адновіш!», – працягвае Іван Васілевіч. – З таго часу на правае вока не бачу. У левым воку дыстрафія сятчаткі. Фактычна гэта цёмная пляма пасярэдзіне, захаваўся аднабаковы зрок. Інсульт таксама паспрыяў у гэтай сітуацыі».

Фотаздымкі з Афганістану.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Пасады, якія згубіліся на зломе СССР і незалежнай Беларусі

На сконе Савецкага Саюзу дадаўся яшчэ адзін непрыемны момант, які інакш як юрыдычным казусам не назавеш. На момант звальнення з войска Іван Рудэнка быў намеснікам сакратара партыйнага камітэту 20-й арміі. Увесну 1991-га году пастановай ЦК КПСС партыйныя арганізацыі былі вылучаныя з падпарадкавання паліторганаў і пераўтвораныя ў асобныя партструктуры. Тыя праіснавалі да так званага путчу, які адбыўся ў канцы жніўня таго ж году, пасля была праведзеная дэпартызацыя войска.

Палкоўнік Васіль Рудэнка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Мне тады далі кватэру ў Берасці, – распавядае палкоўнік у адстаўцы. – Тут жа 15 ліпеня 1992-га я і быў звольнены ў запас па скарачэнні штату. Калі звальняўся, я не ведаў, што мяне, як апынулася, ажно на чатыры ступені панізілі ў пасадзе. І на 45 % знізілі мой аклад. У першай палове 1992-га году аклад складаў 2710 рублёў, а пры звальненні апынуўся 1500 рублёў. Як гэта зрабілі? Усе наступныя гады я акурат задаваўся гэтым пытаннем».

Палкоўнік Васіль Рудэнка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»
Справка
Армія як аб’яднанне складаецца з некалькіх карпусоў альбо дывізіяў. Яна можа ўваходзіць альбо не ўваходзіць у склад вайсковай акругі, фронту, групоўкі войскаў. Не блытаць з войскам як абазначэннем усёй сукупнасці вайсковых сілаў дзяржавы.

Паводле Івана Васілевіча, ён трапіў у пераломны перыяд: ломка савецкага войска і адначасна стварэнне ўзброеных сілаў незалежнай Беларусі. З падобнай сітуацыяй сутыкнуўся не ён адзін: на тэрыторыі БССР стаяла тры арміі ды адна паветраная, а ў кожнай былі вайскоўцы на партыйных пасадах. Усе яны былі паніжаныя з адпаведнымі наступствамі для пенсіяў. Сам Рудэнка звязвае гэты феномен з татальнай эканоміяй у 1990-х, калі банальна не было грошаў.

Фотаздымкі з Афганістану.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Ёсць у мяне прыяцель, – працягвае вайсковец. – Таксама прайшоў Афган, служыў ва ўпраўленні авіяцыі 28-й арміі. Калі звальняўся – ягонай пасады наўпрост не апынулася ў штатным раскладзе. Яго прыраўнялі да нейкай пасады і панізілі пенсію. Мабыць, я наіўны чалавек, веру ў справядлівасць і лічу, што яна мае быць адноўленая».

«І дзе тыя правы чалавека?»

Улічваючы раненне і кантузію падчас службы ў Афганістане, а таксама статус ветэрана I групы, Іван Васілевіч мае ільготы. Што гэта? Бясплатны праезд у грамадскім транспарце, бясплатныя лекі, а таксама зніжка на 50% на дальнія паездкі любым транспартам. Сам ветэран ставіцца да гэтага скептычна:

У кватэры палкоўніка.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

«Як там казаў прэзідэнт падчас выступу? Будзем падтрымліваць людзей матэрыяльна! Дык навошта мне гэтыя дальнія паездкі, навошта грамадскі транспарт у маім становішчы? Нават пры Саюзе была зніжка на камуналку, кватэру, тэлефон, афганцам давалі кватэры паза чаргой. Зараз жа няма нічога з гэтага. Прэзідэнт неяк падчас выступу адказаў на пытанне пра ўпаўнаважанага па правах чалавека ў Беларусі, маўляў, ён прэзідэнт, дык ён за правы і адказвае. І дзе тыя правы?»

На дадзены момант Івану Васілевічу поўных 75 год. Жыве разам з жонкай, інвалідам II групы, у адным з мікрараёнаў Горадні. Даваць рады з побытавымі пытаннямі ім дапамагаюць дзеці і ўнукі.

У адказах з Міністэрства абароны адзначаецца, што структура мае права самастойна вызначаць памеры акладаў вайскоўцам, «якія праходзяць службу на пасадах, не прадугледжаных пералікам пасадаў Міністэрства абароны». Паводле праваабаронцы і таксама ветэрана Афганістану Алега Волчака, у справе трэба разбірацца дэтальна, а вось шматлікія звароты ў Міністэрства абароны ці іншыя інстанцыі – наўрад ці дапамогуць. Справу варта вырашаць праз суд, узяўшы адваката. Афіцыйны ж «Саюз ветэранаў Афганістану» падобнымі справамі наагул не займаецца.

АК, фота Васіль Малчанаў

Стужка навінаў