«Верталёт Гуцэрыева» за $12 млн мае бартавы нумар кіраўніка краіны


Беларускі аматар авіяцыі Дзмітрый Малаковіч апублікаваў у сваім «Instagram’е» фотаздымак верталёту «Agusta-Westland AW-139» з бартавым нумарам EW-001PH. Аформлены ў стылі ўрадавых паветраных суднаў верталёт зарэгістравалі ў Беларусі.

Трэніровачны палёт на «Agusta-Westland AW-139» адбыўся ў менскім аэрапорце 30 сакавіка 2019 года, напісаў Малаковіч.

30 сакавіка фотаздымак верталёту «Agusta-Westland AW-139» з гэтым жа бартавым нумарам з’явіўся на сайце jetphotos.com.

Фота – jetphotos.com/Sots Aliaksandr

Раней Belsat.eu паведамляў, што верталёт «Agusta-Westland AW-139» пратэставалі над Астрашыцкім Гарадком, дзе месціцца рэзідэнцыя кіраўніка Беларусі. Меркавалася, што верталёт за $ 12 млн набылі для Аляксандра Лукашэнкі замест старога Мі-172 расейскай вытворчасці з бартавым нумарам EW-001DA.

Скрыншот з russianplanes.net

На спецыялізаваным рэсурсе helis.com можна знайсці інфармацыю пра тэставы нумар верталёту EW-001PH, які супадае з нумарам верталёту, што лятаў над Астрашыцкім Гарадком.

На helis.com таксама ёсць пазнака аб прыналежнасці верталёта да «Belarus Border Guard» (памежны камітэт).

Беларускі «Agusta-Westland AW-139» мае пазнаку «VIP» і серыйны нумар 31835.

Неўзабаве пасля публікацыі інфармацыі пра новы верталёт кіраўніка Беларусі крыніцы TUT.BY паведамілі, што «Agusta-Westland AW-139» нібыта належыць расейскаму алігарху Міхаілу Гуцэрыеву.

Аб’ектыў
Верталёт з беларускім сцягам Гуцэрыева, а не Лукашэнкі?
2019.03.07 21:00

Варта адзначыць, што цяпер авіякампанія «Белавія» эксплуатуе ў якасці ўрадавых два самалёты: «Boeing 767-300ER» (бартавы нумар EW-001PB), «Boeing 737 Business Jet» (бартавы нумар EW-001PA).

Нумар аўтамабіля, на якім ездзіць Аляксандр Лукашэнка

«Agusta-Westland AW-139» – адзін з самых сучасных верталётаў, якія робіць кампанія «Леанардо» (Leonardo S.p.A.). Ён можа лятаць з хуткасцю больш за 300 км за гадзіну. А дальнасць палёту – 1000 кіламетраў. То бок можна даляцець у любы пункт Беларусі і вярнуцца без дазапраўкі.

ЮВ belsat.eu

Стужка навінаў