Версія аб выкраданні міліцыянта – не галоўная. Самае апошняе пра следства аб забойстве міліцыянта


Следчы камітэт падае, што за мінулыя суткі разам з міліцыяй і экспертамі правёў каласальны аб’ём працы ў мэтах устанаўлення ўсіх абставінаў гібелі супрацоўніка ДАІ ў Магілёўскім раёне.

Што ўжо зрабіў Следчы камітэт

  • Вывучыў і зафіксаваў следчую карціну на месцы выяўлення цела;
  • Дапытаў сваякоў і знаёмых загінулага, а таксама іншых сведкаў;
  • Прызначыў даследаванне рэчавых доказаў: асабістых рэчаў, дакументаў, мабільнага тэлефону і табельнай зброі загінулага міліцыянта.

Што дакладна вядома

16 траўня каля 18:00 супрацоўнік міліцыі знаходзіўся каля чыгуначнага пераезду ў раёне вуліц Вакзальнай і Першамайскай ў Магілёве насупраць будынка аблспажыўсаюзу, дзе сеў у неўсталяваны аўтамабіль. Праз пэўны час інспектара знайшлі забітага.

Згодна з папярэднім заключэннем экспертаў, смерць міліцыянта наступіла ў выніку агнястрэльнага ранення ў галаву. Пры гэтым следчыя чакаюць заключэння судова-медыцынскай і іншых экспертыз, якія аператыўна праводзяцца спецыялістамі Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў.

Следчыя разглядаюць некалькі версіяў здарэння, у тым ліку – аб выкраданні міліцыянта невядомымі на аўтамабілі чорнага колеру. Сыходзячы з атрыманых падчас следства звестак, гэтая версія, аднак, не прыярытэтная.

Следчыя просяць тых, хто валодае інфармацыяй па гэтай справе, паведаміць яе па тэлефонах 8 (017) 389-50-02, 8 (0222) 23-05-00.

На гэты момант расследаванне працягваецца.

Следчыя аглядаюць месца, дзе ўвечары 16 траўня знайшлі цела інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. Фота – sk.gov.by

Цела 22-гадовага лейтэнанта міліцыі знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне.

СК завёў крымінальную справу паводле артыкулу 362 Крымінальнага кодэксу (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў у сувязі з выкананнем імі абавязкаў па ахове грамадскага парадку).

Санкцыя артыкулу прадугледжвае ад 10 да 25 гадоў зняволення, або пажыццёвае зняволенне, або расстрэл.

Пасля забойства інспектара міліцыя ўвяла план «Сірэна», але да сёння ў якасці падазраваных ніхто не затрыманы.

«Калі ўбачыў ягонае фота, я рэальна заплакаў». Забойцаў 22-гадовага інспектара ДАІ пакуль не знайшлі

ДД belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары