Вернікі жывуць даўжэй за атэістаў


Даследнікі з універсітэту штата Агаё правялі шэраг даследаванняў і высветлілі, што людзі, якія вераць у Бога, жывуць у сярэднім на 4 гады даўжэй.

Навукоўцы прааналізавалі некралогі з 42 штатаў ЗША, вывучыўшы працягласць жыцця і рэлігійнасць памерлых, паведамляе Social Psychological and Personality Science. Яны аналізавалі пол, сямейнае становішча і канфесійную прыналежнасць. Аказалася, што сямейныя і вернікі жылі даўжэй, чым удаўцы, атэісты і халасцякі.

У справаздачы адзначаецца, што на працягласць жыцця вернікаў уплывае актыўнае сацыяльная жыццё, жаданне дапамагчы іншым, пасты і забарона на ўжыванне алкаголю і наркотыкаў. Актыўнасць вырашае праблему адзіноты і маларухомага ладу жыцця ў сталым узросце. Таксама рэлігійныя людзі менш схільныя да шкодных звычак і стрэсу.

У гарадах, дзе пераважная большасць насельніцтва ходзіць у царкву, нават агностыкі ды атэісты жывуць даўжэй, бо пераймаюць карысныя звычкі суседзяў.

Адмова ад шкодных рэчываў дае толькі адзін дадатковы год, адзначаецца ў даследаванні. Таму цяпер навукоўцы будуць высвятляць, з чым звязаныя астатнія 2-3 дадатковых года.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў