Вербніца ў часе заразы: як свята адзначылі ў Горадні


Гарадзенцы на Вербніцы: у масках і без. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Як праходзіць традыцыйнае каталіцкае свята ва ўмовах эпідэміі? Кіраўніцтва касцёлу заклікала вернікаў заставацца па хатах, але ці прыслухаліся людзі? Ці спрабавалі бараніцца ад вірусу маскамі і пальчаткамі?

Вербніца або Пальмавая нядзеля – традыцыйнае свята ў гонар уваходу Ісуса Хрыста ў Іерусалім. На Вербніцу распачынаецца «вялікі тыдзень», які вядзе непасрэдна да Вялікадня. Паводле звычаю вернікі асвячаюць у касцёле вербы і нясуць па хатах.

Гарадзенцы на Вербніцы: у масках і без. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Сёлета прадстаўнікі Касцёлу заклікалі вернікаў заставацца па хатах, але самой святочнай службы ніхто не адмяняў. У Фарным касцёле ў Горадні прынялі адпаведныя меры: на ўваходзе вісіць пляшка з антысептыкам.

Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Сёння мы молімся Богу, каб вірус, які ходзіць па свеце, хутчэй мінуў. Молімся за здароўе ўсіх і кожнага. Адмыслова складаем малітвы за лекараў, якія штодня працуюць, дапамагаючы змагацца з заразай», – кажа пробашч Фары кс. Ян Кучынскі.

Асвячэнне вербаў святой вадою. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Людзей у касцёле багата, але ўсё ж такі менш, чым заўсёды. У масках далёка не ўсе, нават меншасць. Шмат хто прыходзіць з дзецьмі, але не выкарыстоўвае ніякіх сродкаў прафілактыкі вірусу. Саму імшу здымала адразу некалькі камераў для онлайн-трансляцыі на дзяржаўным ТБ: для тых, хто застаўся дома.

Гарадзенцы на Вербніцы: у масках і без. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

«Думаю, у касцёл трэба хадзіць у кожным выпадку, – кажа жанчына сталага веку ў масцы, – Хвароба ці не хвароба, але гэта надае сілаў. Хадзіць трэба ў масцы, ужываць сродкі… Гэта абавязкова! Ёсць онлайн-трансляцыі, але лепш самому прыйсці».

Ля ўваходу ў касцёл, як заўсёды, прадаецца багата вербаў на любы густ. З той толькі розніцай, што амаль усе прадаўцы – у масках. Людзі не толькі купляюць вербы, але і фатаграфуюць са словамі: «Гістарычныя кадры, ніколі такога не было ў горадзе».

Гарадзенцы на Вербніцы: у масках і без. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»
Продаж вербаў перад касцёлам. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў