Вераніка Цапкала ў Маскве: Вярнуся, калі Беларусь будзе свабоднай і бяспечнай краінай


Вераніка Цапкала, прадстаўніца штаба Валерыя Цапкалы, распавяла аб сваім нечаканым ад’ездзе з Беларусі.

Вераніка Цапкала ў Маскве. Расея. 9 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv

Вераніка Цапкала падкрэсліла, што ад’езд быў звязаны з яе сямейнымі абставінамі.

«Я тут, бо вырашыла правесці гэты важны дзень для мяне, для Беларусі разам са сваімі дзецьмі, якіх я не бачыла некалькі тыдняў [Вераніка Цапкала была вымушаная вывезці сваіх дзяцей за мяжу пасля пагроз – belsat.eu]. У нас не засталося ніякіх мітынгаў, ніякіх сумесных мерапрыемстваў з абʼяднаным штабам, таму я вырашыла правесці гэты важны дзень сярод беларусаў, якія знаходзяцца за мяжой, у тым ліку ў Расеі і перш за ўсё побач з маімі дзецьмі.

«Я лічу, што гэта гістарычны момант для Беларусі, я хачу, каб мае дзеці запомнілі гэты дзень назаўжды. Я разумею, што яны цяпер маленькія, але пройдзе час і я растлумачу ім, што гэта быў гістарычны дзень», – падкрэсліла Вераніка.

Hавiны
«Сітуацыя няпростая». Вераніка Цапкала з’ехала з Беларусі
2020.08.09 15:52

Ці ёсць рызыка для кандыдатаў, якія застаюцца ў Беларусі?

Вы ведаеце, у нас у краіне, як паказвае практыка, ніхто нічога прадбачыць не можа. Мы бачым, што за апошнія некалькі дзён затрымалі велізарную колькасць людзей, якія працуюць непасрэдна ў нашых штабах. Учора, напрыклад, у Святланы Ціханоўскай затрымалі яе памочніцу – кіраўніцу яе штаба, затрымалі яе давераную асобу. З нашага штаба, штаба Валера Цапкалы, таксама затрымлівалі людзей. Мы бачым, што ў дзейнай улады і Лукашэнкі ніякіх прынцыпаў няма, таму што будзе далей, ніхто не ведае.

Вы плануеце вяртацца ў Беларусь?

Так, я планую вяртацца ў Беларусь.

Вераніка Цапкала ля амбасады Беларусі ў Маскве. Крыніца: Пратэсты ў свеце / telegram

Што можна чакаць заўтра? Якія прагнозы?

Мы спадзяемся, што пераможа розум, спадзяемся, што нашы грамадзяне гатовыя для пераменаў. Мы вельмі спадзяемся, што гэтыя перамены хутка наступяць, бо мы хочам прачнуцца ў свабоднай і, самае галоўнае, бяспечнай Беларусі. І я, і многія беларусы, якія пакінулі краіну, зрабілі гэта ў мэтах бяспекі. Мы хочам, каб наша краіна была бяспечнай, мы хочам гадаваць сваіх дзяцей у Рэспубліцы Беларусь. Мы не хочам з’язджаць. Але нас проста выціскаюць, выганяюць з нашай краіны, ціснуць на нашых дзяцей, ціснуць на палітычных фігур, на кандыдатаў, таму мы спадзяемся на перамены. І гэтыя перамены здарацца як раз заўтра.

Наколькі верагодныя фальсіфікацыі?

Цяжка сказаць, мы са свайго боку – Абʼяднанага штаба – мы стварылі вельмі шмат рэсурсаў, вельмі шмат розных платформаў, ініцыятыў, каб мінімізаваць працэнт фальсіфікацыі выбараў.

Наколькі імаверна, што будуць страляць у народ?

Я спадзяюся, што не будуць, я спадзяюся, што яны нас пачуюць.

«Я спадзяюся, што яны разумеюць, што сярод гэтых людзей могуць быць іх мамы, таты, іх браты, сёстры, іх сябры. Я спадзяюся, што ў апошнюю хвіліну яны адумаюцца. Калі яны атрымаюць гэты незаконны загад – яны не дапусцяць праліцця крыві. Я звяртаюся яшчэ раз да праваахоўнікаў, сілавых структураў: калі ласка, не дапусціць праліцця крыві», – адзначыла Вераніка Цапкала.

Нагадаем, што раніцай каля 14:00 Вераніка Цапкала абвесціла, што пакінула Беларусь. Цяпер яна знаходзіцца ў Маскве.

Стужка навінаў