Венскі вальс для Аляксандра Лукашэнкі

Ці паедзе Аляксандр Лукашэнка з афіцыйным візітам у Аўстрыю? Навіна аб запрашэнні, якое прэзідэнт Беларусі атрымаў ад аўстрыйскага канцлера Себасцьяна Курца, не стала вялікай сенсацыяй не толькі ў еўрапейскіх, але нават і ў расейскіх навінах. Але на самой справе яна можа азначаць рэальную перамену еўрапейскага курсу ў адносінах да афіцыйнага Менску.

Аляксандр Лукашэнка і канцлер Аўстрыі Себасцьян Курц падчас абмену падарункамі. Фота – president.gov.by

Больш за тое, Курц не проста запрасіў Лукашэнку, ён назваў яго «пазітыўны курс» збліжэння з Еўразвязам пры захаванні добрых адносінаў з Расеяй мадэллю «для іншых краін рэгіёну». І тое, што гэта заява была зроблена якраз у перыяд ўкраінскай перадвыбарчай кампаніі – таксама сігнал. Сігнал таго, што ў Еўропе ёсць краіны, якія б хацелі, не каб Беларусь была такой жа дэмакратыяй, як Украіна, а каб Украіна была такой жа «мадэллю» адносінаў з ЕЗ і Расеяй, як Беларусь.

Hавiны
Зяленскі абагнаў Парашэнку амаль удвая
2019.04.02 11:54

Адносіны з Захадам з аглядкай на Маскву

Лукашэнка да апошняга часу не мог разлічваць на афіцыйныя запрашэнні ад еўрапейскіх лідэраў. Калі да яго самога і прыязджалі госці з Захаду, то як бы і не да яго – Ангела Меркель і Франсуа Аланд на менскія перамовы, Франк-Вальтэр Штайнмаер на адкрыццё мемарыяла загінуўшых. Курц стаў першым за доўгія гады заходнім лідэрам, які прыехаў менавіта ў Беларусь. Менавіта да Лукашэнкі. І гэта акалічнасць павінна была б пераканаць беларускага кіраўніка, што яго «мадэль» працуе і нават прыносіць першыя вынікі.

Пытанне, зрэшты, заключаецца не ў тым, якую мадэль будаўніцтва адносін з Расіяй і Захадам абярэ Лукашэнка і як да гэтага паставяцца ў Еўропе, а як да гэтай мадэлі паставяцца ў Маскве. Бо да гэтага часу Аляксандр Лукашэнка не дазваляў сабе заходзіць настолькі далёка, каб выклікаць раздражненне Крамля.

А прэзідэнты суседняй Украіны – сапраўды заходзілі. Прычым не толькі прыхільнікі Захаду Віктар Юшчанка ці Пятро Парашэнка, але і нават тыя, хто арыентаваўся на Крэмль – Леанід Кучма і Віктар Януковіч.

Змены курсу на карысць Расеі прыводзілі да Майданаў

Пры Кучме гэта называлася палітыкай «шматвектарнасці» – але Масква пасля серыі інспіраваных скандалаў фактычна прымусіла Кучму ад гэтай палітыкі адмовіцца і падпісаць пагадненне аб стварэнні Адзінай эканамічнай прасторы з будучымі ўдзельнікамі Еўразійскага саюза. А Віктар Януковіч і наогул быў прыхільнікам падпісання пагаднення аб асацыяцыі з Еўразвязам – «пры захаванні добрых адносін з Масквой» і пазаблокавым статусе Украіны. Але ў Крамлі гэты намер ўспрынялі як здраду і прымусілі ўкраінскага прэзідэнта памяняць курс.

І абодва разы гэтыя змены курсу на карысць Расеі прыводзілі да Майданаў. Таксама, дарэчы, нядрэнны напамін ў перыяд ўкраінскіх прэзідэнцкіх выбараў – не горш, чым у канцлера Курца.

Зрэшты, Аляксандр Лукашэнка пакуль нічога яшчэ не падпісаў і ні з кім асабліва не зблізіўся. І да Вены пакуль што не дабраўся. Але ён і сам не ведае, дзе тая чырвоная лінія ўсталявання добрых адносін з ЕЗ, скрыжаванне якой у Маскве палічаць здрадай – як не ведалі гэтага Кучма і Януковіч.

Чытайце таксама:

Hавiны
Канцлер Аўстрыі Курц запрасіў Лукашэнку ў Вену
2019.03.29 10:36

Віталь Портнікаў/АА, для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў