Венесуэльская прэса: амаль 90% грамадзянаў выступаюць за адстаўку Мадура


Пераважная большасць грамадзянаў Венесуэлы падтрымліваюць адстаўку Нікаляса Мадура і ягонага ўраду. Гэта вынікае з дадзеных апытання, якое апублікавала найбольш уплывовае венесуэльскае апазіцыйнае выданне El Nacional.

Апытанне было праведзена венесуэльскай кампаніяй Meganálisis, вынікі даследаванняў якой прызнаюць не толькі ў Венесуэле, але і ў свеце.

Паводле яго, за адстаўку Мадура выказаліся 88,9% рэспандэнтаў, 87,5% удзельнікаў апытання заявілі, што парламент павінен дазволіць замежныя вайсковыя місіі на тэрыторыі краіны.

Нагадаем, у сёлета ў студзені лідар апазіцыйнага парламенту Хуан Гуаідо на хвалі маштабных сацыяльных пратэстаў абвясціў сябе выконваючым абавязкі прэзідэнта Венесуэлы. Яго прызналі ЗША і шэраг ключавых дзяржаў Еўразвязу і краін Лацінскай Амерыкі.

Апазіцыя паспрабавала даставіць у Венесуэлу гуманітарную дапамогу з ЗША, аднак рэжым Мадура, каб не дапусціць гэтага, зачыніў мяжы з Калумбіяй і Бразіліяй. У краіне пачаўся рэзкі недахоп медыкаментаў і харчавання, а потым на некалькі дзен знікла электрычнасць, праз што ў шпіталях паміралі хворыя.

Мадура адмовіўся сыходзіць у адстаўку і абвінаваціў у сітуацыі, што склалася, «амерыканскі імперыялізм». Расея лічыць Мадура легітымным прэзідэнтам Венесуэлы. Беларусь заклікала іншыя краіны «не ўмешвацца» ва ўнутраныя справы Венесуэлы.

КА/belsat.eu

Стужка навінаў