Венесуэла амаль цалкам засталася без электрычнасці


У Венесуэле без святла засталіся 23 з 25 штатаў краіны, а таксама сталіца Венесуэлы – Каракас.

Як паведамляе DW, праз аварыю на найбуйнейшай гідраэлектрастанцыі краіны шырокамаштабнае адключэнне электрычнасці адбылося ўвечары ў чацвер, 7 сакавіка.

Спыніў працу венесуэльскі міжнародны аэрапорт Майкетыі, абясточаныя некалькі лініяў метро. У сталіцы Венесуэлы таксама назіраюцца перабоі з мабільнай сувяззю.

Нацыянальная электрычная кампанія Венесуэлы (Corpoelec) заявіла, што прычынай перабояў з падачай электрычнасці стала дыверсія на найбуйнейшай гідраэлектрастанцыі краіны «Эль-Гуры».

«Гэта частка электрычнай вайны супраць дзяржавы», – заявілі ў кампаніі.

Прэзідэнт Венесуэлы Нікаляс Мадура ў чацвер абвінаваціў «амерыканскі імперыялізм» у датычнасці да перабояў з электразабеспячэннем у краіне.

«Электрычная вайна, абвешчаная і ўзначаленая амерыканскім імперыялізмым супраць нашага народа, будзе пераможана», – напісаў Мадура у сваім Twitter.

Міністр энергетыкі Венесуэлы паабяцаў, што праблемы з электрычнасцю ліквідуюць на працягу трох гадзін, аднак ягоны аптымізм апынуўся неапраўданым. Жыхары некалькіх раёнаў Каракаса ў чацвер вечарам выйшлі на вуліцы, патрабуючы ад уладаў аднавіць электразабеспячэнне.

Прадстаўнікі нацыянальнай Федэрацыі работнікаў сферы электразабеспячэння Венесуэлы неаднаразова заяўлялі, што аварыі ў профільнай сферы звязаныя са старым абсталяваннем і недахопам рэсурсаў для выканання прафілактычнага абслугоўвання сетак і падстанцый.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэёў назваў дэфіцыт электраэнергіі і голад у Венесуэле «вынікам некампетэнтнасці рэжыму Мадура».

Hавiны
ЗША плануюць новыя санкцыі супраць Мадура
2019.03.06 08:12

КА, belsat.eu

Стужка навінаў