Вельмі свята хацелася, таму ўсю ноч краў алкаголь, каб павесяліцца


Збянтэжаны працаўнік крамы па вуліцы Варонежскай у Магілёве раніцай выявіў разбітае шкло на дзвярах у краму і недахоп алкаголю на суму ажно 706 рублёў. Прадавец звярнуўся з заявай у міліцыю.

Супрацоўнікі аддзелу крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС Магілёву на месца здарэння выявілі, што маёмасць скраў 33-гадовы непрацуючы і раней не судзімы жыхар гораду. На працягу ўсёй ночы мужчына выносіў алкаголь з крамы ў сваю кватэру, дзе і распіваў спіртовыя напоі ў кампаніі знаёмых. Гасцінны магілёвец запрашаў да сябе ў госці ўсіх ахвочых бясплатна выпіць. А аператыўнікам патлумачыў, што хацеў адчуць набліжэнне навагодніх святаў і стварыць сваім знаёмым святочны настрой. Праўда, праваахоўнікі такой стараннасці не ацанілі. Мужчына быў затрыманы, а скрадзенае часткова канфіскавана.

Па словах начальніка аддзелу крымінальнага вышуку Ленінскага РАУС Магілёву падпалкоўніка міліцыі Дзмітрыя Сільванькова, матэрыял перададзены ў Магілёўскі міжраённы аддзел СК для прыняцця рашэння аб завядзенні крымінальнай справы паводле артыкула – крадзеж. Магілёўцу пагражае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленне волі на той жа тэрмін.

Hавiны
ТОП-5 гучных крымінальных справаў у беларускім бізнесе
2018.11.10 14:09

СК, belsat.eu

Стужка навінаў